Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніхто ня дасьць чароўнай пілюлі, каб „бах!“ — і рэжым паваліўся». Маці і дачка ладзілі чаяваньні, а цяпер ня могуць вярнуцца дамоў


Вольга і Арына Няхайчык
Вольга і Арына Няхайчык

Вольга і Арына Няхайчык ужо больш як тры месяцы жывуць за мяжой і ня могуць вярнуцца дамоў. Яны расказваюць, як падзеі ў Беларусі зьмянілі іхнае жыцьцё, чаму важна ня страчваць надзеі і шукаць пазытыў нават у самых складаных сытуацыях.

«Нас усіх падняла гэтая несправядлівая хваля гвалту»

Вольга і Арына — маці і дачка. Зь Беларусі яны мусілі тэрмінова зьехаць з прычыны перасьледу. Разам з суседзямі пасьля выбараў яны сталі зьбіраць дваровыя вечарыны, ладзілі вялікія творчыя праекты. Дзякуючы ў тым ліку ім Сеніца, дзе яны раней жылі, стала адным з актыўных пратэставых месцаў.

«Мінулым летам я ўцягнула маму ў палітыку. Гэта былі мае першыя выбары. У чэрвені зь сяброўкай выходзілі выпіць кавы, а траплялі на пікеты. Пасьля гэтага я прыходзіла дадому і вельмі эмацыйна маме ўсё расказвала, як перад намі выхоплівалі людзей, білі дубінкамі, зацягвалі ў бусы. Я была ў здранцьвеньні, зусім не была да такога гатовая. Мяне гэта моцна шакавала. Я настойвала, каб маці паставіла подпіс за кагосьці з альтэрнатыўных кандыдатаў», — кажа Арына Няхайчык.

Вольга прыслухоўвалася да дачкі, вывучала, хто з кандыдатаў што сабой уяўляе. Вольга і Арына ўважаюць, што галасы на іх участку падлічылі няправільна. Менавіта тады выйшла ўся Сеніца.

«Нам вывесілі вынікі а палове на дванаццатую ночы, дзе было 1000 за Лукашэнку і 200 за Ціханоўскую. Гэта пры тым, што на вуліцы стаяла больш за 300 чалавек. З камісіі тады выйшлі і сказалі: „Гэта не да нас пытаньні, ідзіце на плошчу“. Мы наогул у Сеніцы нікога ня ведалі. Аказваецца, каб пазнаёміцца з суседзямі, трэба было проста, каб прайшлі выбары», — кажа Арына.

«На суседнім участку ў Доме культуры палічылі ўсё правільна, і людзі крычалі „Ўра“, а мы крычалі „Ганьба“, — дадае Вольга. — Мы на сваёй пляцоўцы бачылі суседзяў, віталіся зь імі, але не размаўлялі. А пасьля выбараў мы ўсе перазнаёміліся, усе пачалі кантактаваць, людзі імгненна палітызаваліся. Мы яшчэ больш аб’ядналіся з раней незнаёмымі людзьмі, калі адбываўся гэты жах, гвалт. Нашая думка як жанчын, маці, была тая, што такога дараваць нельга. Большасьці з нас усе гэтыя падзеі раней ня тычыліся. Нас усіх узьняла гэтая несправядлівая хваля гвалту. Я да гэтага часу думаю, што калі б нелегітымны прэзыдэнт паставіў сабе 52%, то ўсе б прамаўчалі».

Вольга Няхайчык
Вольга Няхайчык

«Суседзі, ё самавар, хадземце піць разам гарбату!»

Пасьля пратэстаў многія жыхары Сеніцы атрымлівалі адміністрацыйныя арышты. Потым людзі пачалі арганізоўвацца, каб хутка і бясьпечна сабраць подпісы за адкліканьне мясцовых дэпутатаў.

«Я дні два думала, як дапамагчы ў гэтай справе. Сьпякла шарлотку, зрабіла гарбату ў тэрмасе, пашыла першы свой сьцяг і прапанавала суседзям, маўляў, давайце зьбярэмся, — кажа Вольга. — Тут галоўнае было запусьціць старт. Мы выйшлі піць гарбату. Так і зьявілася ідэя чаяваньняў».

У Сеніцы ёсьць дамы МНС, АМАПу і міліцыі. Вольга з суседзямі ўзяліся прыдумаць нейкія актыўнасьці, каб і да людзей не чапляліся, і было цікава.

«Я ўзгадала, што ў сяброў ёсьць самавар на дровах, а цяпер жа гэта дзіва! Напісала ў чат: „Суседзі, ё самавар, хадземце піць разам гарбату!“. Мы пазнаёміліся з актыўнымі людзьмі, гатовымі нешта рабіць: хтосьці прынёс стол, дровы, нехта ўзяў булачкі, бліны. Таксама тады напісалі лісты палітвязьням, бо было пачуцьцё, што, акрамя нас, гэтага ніхто ня зробіць. Гэта было, як у маім дзяцінстве, калі зьбіраліся на сьвяты, дапамагалі адно аднаму. Людзей станавілася ўсё больш. Потым мы пачалі гастраляваць з самаварам па розных дварах: тыдзень у адным, тыдзень у іншым. У нас была такая пазыцыя, што мы павінны выходзіць штодня. Дождж, вецер, холадна, усё роўна кожны дзень».

Арына з Вольгай шылі бел-чырвона-белыя сьцягі і раздавалі суседзям. А аднойчы Вольга з суседкамі пафарбавалі парэнчы лесьвіцы ў бела-чырвоныя колеры.

«Лесьвіца да возера была ў жахлівым стане, і мы проста перафарбавалі па міжнародных нормах, як аварыйны аб’ект, — сьмяецца жанчына. — За гэта мяне і суседак забралі на 72 гадзіны. Для мяне сталася самым вялікім стрэсам ня тое, што мяне затрымалі, а што на наступны дзень у нас павінен быў быць вялікі дваровы канцэрт. На судзе мы паказалі фота лесьвіцы „да“ і „пасьля“, падзяку ад жыхароў Сеніцы. Судзьдзя быў у шоку, што мы, тры жанчыны, якіх асудзілі за дробнае хуліганства, маем вышэйшую адукацыю».

«Міліцыянты, відаць, думалі, што затрымалі маму — і традыцыйнае чаяваньне адмяняецца, — дадае Арына. — Яны прыяжджаюць у суботу, а ў нас ужо не адзін, а два сталы стаіць, мангалы з шашлыкамі, два самавары, сеніцкі сьцяг, калёнка».

Арына і Вольга з сумам кажуць, што гэтыя дваровыя сустрэчы і канцэрты былі аднымі з самых шчасьлівых момантаў. І шкадуюць, што зьехалі зь Беларусі, хоць там бы іх чакала турма.

«Мяне перавялі ў адзіночку — думалі, што я буду плакаць і прасіцца назад»

Жанчыны расказваюць, што пад канец восені на іх пачалося «паляваньне».

«Зь лістапада маме пастаянна прыходзілі позвы з органаў, але мы іх ігнаравалі. Аднойчы да нас прыйшлі, грукалі ў дзьверы, але мы ім не адчынялі. Недзе гадзіну яны нас вартавалі, а пасьля кінулі позву ў паштовую скрыню. Я яе сфатаграфавала, адправіла адвакату і паклала назад. Пасьля гэтага мы вырашылі, што маме лепш пажыць у сяброў», — кажа Арына.

Вольга кажа, што яе тэлефон пачалі праслухоўваць. Калі жанчына вярталася з працы да сяброў, яе ўжо чакалі каля пад’езду.

«Гэта былі нашы мачулішчанскія апэратыўнікі, крымінальны вышук. Я яшчэ паднялася да сяброў, пакінула рэчы і дакумэнты. Тады сказала сілавікам, што нікуды не паеду, пакуль ня выкуру цыгарэту. Мяне пасадзілі ў „стакан“ зь дзьвюма жанчынамі ў стане алькагольнага ап’яненьня. Калі ж мяне прывезьлі ў будынак, то ўсе ўжо мяне чакалі, усьміхаліся», — расказвае яна.

Арына кажа, што моцна хвалявалася, бо мама не падымала тэлефон. Пазьней прыехалі сябры Вольгі і патлумачылі, што адбылося.

«Я падумала, што маме дакладна дадуць крыміналку. Бо і да гэтага яе лічылі арганізатаркай мясцовых чаяваньняў. Тэлефануе тады мне адвакат і кажа: „Зьбірай маме рэчы. Мінімум на трое сутак яна затрымаецца“. Ён яшчэ дадаў, каб я пачысьціла кватэру, бо могуць прыйсьці зь ператрусам. Я дастала ўсё, што ў мяне было чырвонага і белага. Яшчэ праблема ў тым, што я крыху „партызаніла“, у мяне былі бчб-кармушкі, трафарэты, налепкі... Мама таксама са мной „на справу“ хадзіла, але зь яе партызан так сабе: дым цыгарэты і сьмех».

Наступныя 12 сутак Вольга правяла ў ІЧУ Менскага раёну.

«На пятыя суткі мяне пачалі называць Вольга Ўладзіміраўна і казалі, што я назіральніца камэры, бо настаяла з сукамэрніцай, каб было праветрываньне, папрасіла хлёрку, каб усё вымываць, напісала скаргі, што ня выдалі пасьцельную бялізну звычайным людзям (яна была толькі ў палітычных) і кубкі. Ад таго, што я нават там была актыўная, мяне перавялі ў адзіночку, думалі, што я буду плакаць і прасіцца назад, упаду ў дэпрэсію. А я была рада адпачыць, спала, чытала, ела. Калі мяне вярнулі ў агульную камэру, там ужо была бялізна».

«Вы хочаце адваката? Калі ён прыедзе, вам канец, мы вас закрыем»

Вольгу выпусьцілі, але потым прыйшлі з вобшукам і пачалі сачыць за Арынай.

«На наступны дзень пасьля ператрусу я выйшла раніцай на працу, падышоў да мяне чалавек і кажа: „Здрасьце, а можна вашы дакумэнты?“. У яго ў руках былі копіі мамінага і майго пашпарта. Мне стала ўсё зразумела. Сказалі сесьці ў машыну і праехаць зь імі. Калі я папрасіла патэлефанаваць адвакату, мне сталі хаміць, але потым усё ж далі паведаміць. Яшчэ ў мяне ў тэлефоне была куча закрытых чатаў, і я баялася, што падстаўлю людзей».

Арыну дапытвалі ў РУУСе 5 гадзін. Маці нічога не сказалі, але яе настойлівасьць дапамагла вызначыць, у чым спрабуюць абвінаваціць дачку.

«Мне сказалі, што дачкі ў аддзяленьні няма. Тады я паабяцала ім цяпер жа напісаць заяву, што сілавікі яе выкралі, і запатрабавала пусьціць мяне да начальніка. Потым мяне ўпусьцілі ўнутр, але Арыну працягвалі трымаць. Тут тэлефануе адвакат і кажа: „Толькі спакойна, Арыне „шыюць“ крыміналку“».

Арыну спрабавалі абвінаваціць у адміністраваньні тэлеграм-канала і чата «Сеніца», яе вылічылі па ip-адрасе ў інстаграме. Дзяўчына насамрэч была адміністратаркай, але ў іншым пабліку.

«Я ехала як сьведка і наогул не была гатовая. Сказала ім, што мне трэба быць празь дзьве гадзіны на працы. Мне было вельмі цяжка, хацелася піць і есьці, там было вельмі душна. Я сказала сьледчаму, што ён мне незразумелыя артыкулы спрабуе павесіць. А ён мне проста шпурнуў кнігу Крымінальнага кодэксу на стол і сказаў пачытаць, што мне «сьвеціць». Калі ж я зноў папрасіла адваката, сьледчы адказаў: «Вы хочаце адваката? Калі ён зараз прыедзе, то вам канец, мы вас закрыем».

Падчас ператрусу нічога не знайшлі, і Арыну выпусьцілі. Пасьля допыту Арыны Вольга хацела, каб дачка хутчэй зьехала, і тэрмінова падала дакумэнты на гуманітарную візу.

«Пасьля ўсіх гэтых допытаў і ператрусаў я захварэла, — апавядае Вольга. — Гэта рэакцыя майго арганізму на стрэс: у мяне балела горла, заклала нос, тэмпэратура. І тут у чацьвер мне тэлефануюць [зь Сьледчага камітэту. — РС] і кажуць: „Калі вы да нас прыедзеце?“. Я адказала, што магу проста зараз, толькі я кашляю і чхаю, было чуваць, што голас хворы. Я ўжо нічога не баялася, бо шмат чаго прайшла ў жыцьці, але заставалася апошняе — сесьці ў турму».

«Я ж, наадварот, хацела, каб мама зьехала, — перапыняе Арына. — Ёй трэба было ў панядзелак ісьці ў СК, я ёй прапанавала сабраць валізкі і адправіць яе ў Кіеў, маўляў, я застануся, разьбяруся з унівэрам. Але ўсё аказалася ня так проста. У чацьвер увечары мы прымаем рашэньне зьехаць разам. У пятніцу я ўстаю заплаканая, нікуды не хацела, мяне трэсла, я паехала забраць атэстат, сустрэцца зь сяброўкамі. Пасьля мама пагаварыла з адвакатам і таксама перадумала. І вось у пятніцу днём мы ўжо супакоіліся і вырашылі, што нікуды ня едзем, выдыхнулі. А ў суботу мы сустрэліся з нашымі сябрамі, якія сказалі, што калі нас і не „закрыюць“, жыцьця ў Беларусі нам ужо не дадуць. І днём мы ўжо купілі квіткі ў Кіеў на нядзелю на 8 раніцы».

Расказваючы пра зборы з дому, Вольга пачынае хвалявацца, у яе ў вачах сьлёзы, яна запальвае цыгарэту.

Першыя тыдні за мяжой сталі для Арыны асабліва цяжкімі, яна шмат перажывала і плакала.

«Я памятаю, як толькі пазнаёмілася зь беларускімі студэнтамі, яны нешта ў мяне пытаюцца, а я не магу адказаць, таму што адразу ліюцца сьлёзы. Яны тады пачалі вадзіць мяне на шпацыр, каб я крыху разьвеялася».

У Кіеве Вользе і Арыне вельмі дапамагалі беларусы. Першыя тыдні яны жылі ў дзяўчыны-студэнткі. Пазьней іх прынялі беларускія праграмісты, якія адмыслова нанялі трохпакаёвую кватэру для рэлякантаў, якія толькі прыехалі. Кіеў спачатку плянаваўся як адпраўны пункт, каб атрымаць візу і пераехаць далей. Але Вольга з Арынай крыху затрымаліся і пераехалі ў Вільню толькі паўтара месяца таму.

«Валянтэрка Віялета з фонду „Разам“ дапамагла нам з жытлом, замовіла нам гатэль па добрай цане. Мяне да яе накіравалі, калі мы яшчэ былі ва Ўкраіне, — тлумачыць Вольга. — Вельмі важна, што ёсьць такія людзі і фонды, якія дапамагаюць разабрацца ва ўсім, зьяўляюцца такімі мэдыятарамі. Потым іншы валянтэр дапамог нам знайсьці і арандаваць кватэру».

«Шукайце мяне ў лясах Беларусі»

Цяпер Вольга з Арынай наладжваюць сваё жыцьцё ў Вільні і працягваюць пратэставую дзейнасьць.

Арына з Вольгай — адны з аўтарак фэстывалю «ЛукаПад».

«Мы запусьцілі наш кінафэстываль „ЛукаПад“ у Літве онлайн. Яго мэта — падымаць настрой і наладжваць сувязі з грамадзкасьцю, — кажа Арына. — Калі ў вас ёсьць нешта старое, клясна зьнятае, і вы вельмі хочаце, каб гэта было апублікавана, але баіцеся, то можаце дасылаць нам, мы апублікуем і пастараемся зрабіць так, каб гэта было бясьпечна. Калі недзе ёсьць адкрытыя твары, мы гэта зарэтушуем у відэарэдактарах, каб максымальна засьцерагчы людзей, якія дагэтуль у Беларусі».

У гэтым праекце таксама дапамагаў спэцыяліст, які стварыў адмысловую 3D-графіку. Вольга з Арынай зрабілі дыплёмы для ўзнагарод і нават статуэткі.

«Я прыходжу дадому неяк і бачу тры скрынкі плястыліну. А мама сядзіць і лепіць статуэткі, — сьмяецца Арына. — За дзьве гадзіны яна зрабіла статуэтку „ЛукаПада“. Пасьля разам з суседзямі мы зрабілі яшчэ некалькі з гіпсу. Праўда, да Вільні даехала толькі адна цэлая».

Арына яшчэ дапамагае з праектам фатографа Аляксея Змагарскага, чые здымкі на пратэставую тэматыку скарылі сацыяльныя сеткі.

Таксама Арына дапамагае адміністраваць праект фатографкі Лосьсі

З той прычыны, што сям’я працягвае сваю пратэставую актыўнасьць, Арыне некалькі тыдняў піша міліцыянт з Мачулішчаў і нават абражае дзяўчыну. Пры гэтым, заўважае Арына, як толькі яна нагадала, што ў новай Беларусі прыцягне яго за такія ўчынкі да суду, міліцыянт адразу пачаў прасіць прабачэньня.

«Я неяк пачала іх троліць, сфатаграфавалася зь іншымі жанчынамі ў лесе ў бела-чырвоных колерах і была з адкрытым тварам. Потым, калі мяне шукалі, я сказала, маўляў, шукайце ў лясах Беларусі», — сьмяецца Вольга.

«Ёсьць мара, што Новы год мы сустрэнем дома»

Арына з Вольгай больш за тры месяцы жывуць у выгнаньні і кажуць, што часта агартае туга па Беларусі.

«Я хацела неяк вярнуцца ў Менск, купіла квіток на самалёт і за гадзіну да рэгістрацыі яго адмяніла. Пазьней адвакат напісала, што мяне ўжо шукаюць. Можна прывыкнуць да ўсяго, улічваючы, што мы зьехалі ў лютым. Мы ўжо адаптаваліся да многага, — кажа Арына. — Але мяне накрывае, асабліва калі бацькі дзяцей, зь якімі мы сустракаліся ў дварах, дасылаюць фота і перадаюць прывітаньні ад малых. Да гэтага часу цяжка. Але разумееш, што па-іншаму ўжо і ня зробіш, бо вернесься — цябе закрыюць. Мне цяжка, бо за тры месяцы я практычна ня мела зносін з аднагодкамі. Я бачу, як мае сяброўкі разам дзесьці шпацыруюць, а я адна ў чужой краіне, межы закрытыя, і невядома, калі мы сустрэнемся».

«Пару дзён я плакала, калі забралі маю сяброўку, калі быў працэс над студэнтамі. Мяне наогул не адпускае, я думаю, што і не адпусьціць, бо гэта ўласьцівасьць майго характару, мая эмацыйнасьць і здольнасьць суперажываць», — дадае Вольга.

Пасьля пытаньня пра будучыню Вольга з Арынай становяцца бадзёрымі і ўпэўненымі.

«Мая асноўная мэта — перамагчы. І я буду рабіць усё магчымае дзеля гэтага. Усё залежыць ад нас, нам ніхто не дапаможа, акрамя нас. Многія чакаюць, што нехта за нас усё зробіць. Я лічу, што гэта безадказнасьць. Мяне яшчэ вельмі хвалюе, калі людзі зь Беларусі ўцякаюць, потым ставяць крыж на сваім удзеле ў барацьбе, пачынаюць наладжваць сваё жыцьцё і больш не дапамагаюць змагацца. І мне вельмі хочацца, каб людзі не забываліся і нагадвалі пра сябе, хоць нейкім постам, здымкам ці вершам у чаце сваёй супольнасьці», — кажа Вольга.

«Ніхто ня прыйдзе і ня дасьць чароўную пілюлю, каб „бах!“ — і рэжым паваліўся. Але я ўжо стамілася думаць пра тое, калі мы пераможам, таму што кожны дзень ад гэтага эмацыйныя арэлі. Ёсьць мара, што Новы год мы сустрэнем дома», — дадае Арына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG