Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: апошні горад Беларусі атрымаў магдэбурскае права


Браслаў на старым фатаздымку
Браслаў на старым фатаздымку

Падзеі 2 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

2 чэрвеня 1792 году Браслаў атрымаў герб. Гэта быў апошні горад на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які атрымаў права на самакіраваньне.

Дзень у гісторыі


1953 — адбылася каранацыя Лізаветы ІІ, якая стала каралевай Вялікай Брытаніі, Канады, Аўстраліі і Новай Зэляндыі.

1962 — у Новачаркаску (СССР) расстралялі дэманстрацыю рабочых супраць падвышэньня цэнаў.

1979 — папа Ян Павал ІІ пачаў свой першы візыт у Польшчу, стаўшы першым папам, які наведаў камуністычную краіну.

У гэты дзень нарадзіліся

1740маркіз дэ Сад, францускі пісьменьнік і філёзаф.

1857Карл Адольф Гелеруп, дацкі паэт і пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў 1917 годзе.

1926Пятро Рашэтнік, сябра СБМ, ахвяра палітычных рэпрэсіяў, вэтэран нацыянальнага руху.

1941Чарлі Ўотс, бубнач The Rolling Stones.

1942Эдуард Малафееў, футбольны трэнэр.

У памяці

1863 — пакараны сьмерцю Міхал Цюндзявіцкі, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг., ахвяра расправы расейскіх калянізатараў.

У чэрвені 1863-га Менск абляцела вусьцішная вестка пра расстрэл расейскімі карнікамі маладога афіцэра Міхала Цюндзявіцкага, сына маршалка Барысаўскага павету пана Мэльхіёра.

Такой была цана беларускага слова і беларускай думкі, напіша пазьней адзін зь біёграфаў патрыёта.

Галоўнай віною дваццацісямігадовага «асабліва небясьпечнага злачынцы» сталася пашырэньне першай нелегальнай беларускай газэты «Мужыцкая праўда», выдаванай Кастусём Каліноўскім.

Сьледзтва высьветліла, што Цюндзявіцкі ў карчме барысаўскай вёскі Камень прачытаў адозву паўстанцкага правадыра тамтэйшым сялянам.

Гэта быў самы першы сьмяротны вырак, выкананы ў тым змагарным годзе ў нашай цяперашняй сталіцы. Усе тры месяцы, пакуль разглядалася справа, менчукі спадзяваліся на вызваленьне арыштанта — дарэчы, выхаванца Пецярбурскага кадэцкага корпусу. Аднак начальнік «Северо-Западного края» Мураўёў рабіў стаўку на максымальную жорсткасьць. Расстрэл, які адбыўся ў раёне вуліцы Серпухаўскай (цяпер Валадарскага), на месцы сёньняшняга сталічнага паштамту, меў паказальны характар і павінен быў запалохаць гарадзкое жыхарства.

Але каты жорстка памыліліся.

Каля сьвежай магілы адразу ж пачаліся штовечаровыя маніфэстацыі. Як пісаў адзін з сучасьнікаў, «туды ішоў незьлічоны натоўп усіх станаў, веравызнаньняў і нацыянальнасьцяў». Менчукі атулялі месца пахаваньня з трох бакоў, і толькі з чацьвертага нэрвова пераступалі з нагі на нагу расейскія вартавыя. Надыходзіў момант, калі людзі ўкленчвалі. Малітвы зьмяняліся песьнямі, а затым чыё-небудзь дзіця зьбірала букеты прынесеных кветак і аздабляла імі магілу.

Відэакамэраў у жандарскіх агентаў тады не было, таму прысутных яны проста перапісвалі. Удзел у мірных пратэстах служыў падставаю для арышту, ды маніфэстацыі не спыняліся, і ўлады мусілі таемна перапахаваць цела расстралянага інсургента.

Празь некалькі дзесяцігодзьдзяў, у 1906-м, іншы прадстаўнік роду Цюндзявіцкіх — Віктар — выдаў па-беларуску кніжку «Аб чым сёньня гамоняць у нас на Беларусі», увесь наклад якой быў сканфіскаваны.

Яшчэ праз сто гадоў вялікі знаўца тых падзеяў прафэсар Адам Мальдзіс прапанаваў усталяваць на месцы пакараньня сьмерцю Міхала Цюндзявіцкага мэмарыяльны знак. Якой была рэакцыя цяперашніх уладаў, здагадацца няцяжка. Затое непадалёк менчукі аднойчы ўбачылі помнік царскаму гарадавому грэнадэрскага росту. Адкрываў яго тагачасны міністар унутраных справаў, які па сьвятах любіў апранаць форму НКВД.

Будзеце на менскім паштамце — згадайце сьветлай думкаю таго, хто ў 1863-м адным зь першых прыняў сьмерць за вызваленьне нашай зямлі ад расейскіх калянізатараў.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 62–63


1882 — памёр Джузэпэ Гарыбальдзі, нацыянальны герой Італіі, генэрал.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG