Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ патрабуе ад сілавікоў спыніць ціск на журналістку Маліноўскую і яе родных


Зьезд БАЖ, архіўнае фота.
Зьезд БАЖ, архіўнае фота.

Пасьля ад’езду Маліноўскай за мяжу сілавікі пачалі ціснуць на яе родных, каб журналістка «Белсату» вярнулася на радзіму.

Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў з нагоды ціску на родных вядучай тэлеканалу «Белсат» Арыны Маліноўскай.

19 траўня ў эфір выйшла чарговае выданьне праграмы «Шчыра кажучы», дзе былыя міліцыянты і вайскоўцы расказвалі пра сваю працу. На наступны дзень пасьля выхаду перадачы стала вядома пра затрыманьне гасьцей выпуску, былых сілавікоў Дзьмітрыя Кулакоўскага і Ягора Емяльянава. 21 траўня міліцыянты прыйшлі ў студыю, дзе запісваліся інтэрвію для праграмы, але Маліноўскай там не было.

Увечары таго ж дня сілавікі спрабавалі трапіць у кватэру, дзе жыла журналістка. У ноч на 22 траўня Маліноўская пакінула тэрыторыю Беларусі.

24 траўня Арыне патэлефанаваў муж яе сястры, Валянцін Кучарэнка, і паведаміў, што яго затрымалі, даставіўшы ў ЦІП Менгарвыканкаму, і ня вызваляць адтуль, пакуль Арына ня зьявіцца ў міліцыю. Потым слухаўку ўзяў чалавек, які назваўся супрацоўнікам МУС і пагражаў, што на Акрэсьціна забяруць таксама бабулю і дзядулю Маліноўскай. У той дзень былі яшчэ два званкі з Telegram мужа сястры Арыны, адзін зь іх яна запісала, запіс разьмешчаны на сэрвісе Youtube.

25 траўня Кучарэнка ў прысутнасьці сілавікоў зноў тэлефанаваў журналістцы ў Telegram. Толькі ўвечары таго дня стала вядома, што маладога чалавека нарэшце вызвалілі.

БАЖ просіць правесьці праверку прыведзеных зьвестак і спыніць ціск на журналістку Арыну Маліноўскую і яе родных.

Пасьля 9 жніўня супраць сілавікоў не было заведзена ніводнай крымінальнай справы за перавышэньне паўнамоцтваў, катаваньні і сьмерці пратэстоўцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG