Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы паглядзелі фільм «Залатое дно – 2». Вось асноўныя тэзісы і цытаты


Стоп-кадар зь фільму «Залатое дно – 2»
Стоп-кадар зь фільму «Залатое дно – 2»

На ютуб-канале NEXTA зьявіўся фільм «Залатое дно – 2». У ім каманда блогера Сьцяпана Пуцілы расказвае пра схемы, якімі, як сьцьвярджаюць аўтары, карыстаюцца ўлады Беларусі і набліжаныя да іх бізнэсоўцы.

Менш як за суткі фільм на Youtube паглядзелі звыш 700 тысяч разоў.

Сьцісла пра асноўнае пасланьне фільму ў трох цытатах:

  • «У кантрабандзе, цёмных схемах і сыстэмнай карупцыі Лукашэнка абрастае раскошай за кошт звычайных беларусаў, а сваім змоўнікам за каштоўныя падарункі выпісвае прэфэрэнцыі ў бізнэсе».
  • «Сям’я Лукашэнкі і іх набліжаныя маюць абсалютную манаполію на сродкі вытворчасьці і зусім не саромеюцца выкарыстоўваць для атрыманьня звышпрыбытку беларускі народ, нашу з вамі зямлю і яе прыродныя багацьці».
  • «На дапамогу Пуціну (які пасьля анэксіі Крыму ўвёў санкцыі на заходнія прадукты. — РС) прыйшоў Лукашэнка са сьвітай сваіх прыкормленых бандытаў і запоўніў паліцы ў Расеі крэвэткамі, ананасамі, сырамі з плесьняю і іншымі „спрадвечнымі беларускімі прадуктамі“».

Як працуе шэрая схема паставак садавіны. 10 цытатаў зь фільму

Аўтары фільму раскрываюць сутнасьць шэрай схемы паставак садавіны ў Расею празь Беларусь на прыкладзе продажу грушаў нібыта з Турэччыны.

Ян Рудзік, адзін з аўтараў фільму
Ян Рудзік, адзін з аўтараў фільму
  • «У сонечным Эўразьвязе фэрмэры або аптовыя кампаніі прадаюць грушы, у тым ліку фірмам-аднадзёнкам. Стварыць такую фірму зусім не праблема. Ва ўсёй гэтай схеме гэта адзін зь нямногіх элемэнтаў у рамках закону. Далей гэтыя грушы вязуць на склады каля мяжы. Як сьцьвярджаюць нашыя крыніцы, для шэрых схемаў вялікай папулярнасьцю карыстаюцца склады польскай кампаніі AdamPol у Мілашэвічах (на мяжы зь Берасьцейскай вобласьцю) і MaoriGroup, што пад Вільняй. Але грушы з ЭЗ нельга ўвозіць у Расею з прычыны санкцыяў. На гэтым „белы гандаль“ завяршаецца і пачынаецца чорная магія».
  • «Бэльгійскія, галяндзкія і польскія грушы ператвараюцца ў... турэцкія. Пры дапамозе падробленых турэцкіх сэртыфікатаў. (Адзін з аўтараў фільму дэманструе дакумэнты, паводле якіх нібыта грушы з ЭЗ трапілі летась у Расею празь Беларусь пад выглядам турэцкіх. — РС).
  • «З інвойсу (накладной. — РС) мы дазнаемся, што афіцыйна гэтыя нібыта турэцкія грушы прадае літоўская кампанія Unisky. Яе дырэктар — нейкая Вольга Гаўрыліна. З адкрытых крыніц можна даведацца, што за пэрыяд з 2015 да 2019 году, а гэта самы пік гандлю санкцыйнай прадукцыяй, яе абарот вырас з 10 тысяч да 10 мільёнаў эўра, у 100 разоў. Сакрэт посьпеху — у 70-працэнтных зьніжках. Кажуць, што да 2020 году зьніжка была нават 90%».
  • «1 кг грушаў каштуе 65 цэнтаў, а ў Беларусь заяжджае па 15 цэнтаў. Атрымліваецца, што цана ўсяго грузу — 3000 даляраў. Фактычна гэта кошт толькі перавозкі, а самі грушы дастаюцца ў падарунак. Пакупніком значыцца ААТ Vlate Logistic, якая ўваходзіць у BreminoGroup».
  • «Bremino расшыфроўваецца як Берасьце — Менск — Орша. Гэта клясычны шлях эўрапейскай санкцыйнай прадукцыі па Беларусі па дарозе ў Расею. У кіраўніцтве BreminoGroup стаяць людзі, шчыльна зьвязаныя зь Віктарам Лукашэнкам. Гэта і былы кадэбэшнік Васіль Дземянцей, і сябра Віктара Аляксандар Зайцаў, і многія іншыя былыя і цяперашнія супрацоўнікі КДБ, Мытнага камітэту, фітасанітарнай службы, і Аляксей Алексін, уладальнік легендарных „Табакерак“».
  • «Праз Bremino і расейскую пракладку расейцы купляюць санкцыйную прадукцыю. У дакумэнтах прапісваецца тая самая зьніжка ў 70%, але гэта фэйкавая сума. Заніжаная цана на тавар аўтаматычна заніжае неабходныя да выплаты 20% ПДВ і 5% мыта. Паколькі Bremino мае адмысловы статус, у яе ёсьць адтэрміноўка ад выплаты ПДВ, але пасьля ўвозу тавару ў Расеі яна можа ўвогуле яго не плаціць».
  • «Мыта Bremino плаціць не 5%, а 1,5%. Выдаткаў у Bremino — 0, паступленьняў у бюджэт — 0. Толькі чысты прыбытак ад схемы ў рукі Алексіна, Зайцава і Віктара Лукашэнкі, які „крышуе“ схему».
  • «Падчас піку паставак санкцыйнай прадукцыі, а гэта 2014–2019 гады, колькасьць такіх фураў вагалася ад 2000 да 3000 штомесяц».
  • «Толькі на санкцыйных грушах кантрабандысты зарабілі больш за 300 мільёнаў даляраў. А ёсьць яшчэ яблыкі, рыба, малако і іншыя прадукты».
  • «У Расеі кантрабанду прымаюць былыя і цяперашнія сілавікі з сувязямі ў мытні».

Як функцыянуе найбліжэйшае атачэньне Лукашэнкі. Тлумачыць былы сілавік

Матвей Купрэйчык
Матвей Купрэйчык

Пра гэта ў фільме расказвае былы старшы ўпаўнаважаны ў наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі менскай міліцыі, а цяпер прадстаўнік аб’яднаньня BYPOL Матвей Купрэйчык.

«На кожнага, хто зьбіраецца стаць вышэйшым чыноўнікам у нашай рэспубліцы, зьбіраецца кампрамат. Без наяўнасьці кампрамату немагчыма заняць нейкую пасаду намесьніка міністра, міністра і г. д. У прыклад можна прывесьці цяперашняга намесьніка міністра ўнутраных справаў, начальніка крымінальнай міліцыі Казакевіча Генадзя. Яшчэ ў часы, калі ён быў начальнікам аддзелу ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту Менску, Генадзя Аркадзевіча злавілі за атрыманьне хабару, пасьля якога ён купіў сваёй жонцы пярсьцёнак за 15 тысяч даляраў. Затрыманьне адбывалася сапраўднае. Яго паклалі ў асабістым кабінэце тварам на падлогу, зьбіраліся паказаньні. Але пасьля крымінальная справа выпарылася. А цяпер гэты чалавек намесьнік міністра».

Пра ўплывы Віктара Лукашэнкі. Адной цытатай зь фільму

«Ва ўсе крымінальныя схемы часта ўцягнутыя самыя высокія чыны такіх ведамстваў, як ААЦ, КДБ, МУС, СК, пракуратура. Але і там ня кожны супрацоўнік пасьвячаецца ў такую дзейнасьць. Часта выканаўцы падбіраюцца такія, якія выканаюць любы злачынны загад. ААЦ — гэта падразьдзяленьне, якое, можна сказаць, належыць Віктару Лукашэнку. ААЦ вельмі моцна падтрымлівае сувязь з такой беларускай фірмай, як beCloud. Яна зьяўляецца ў Беларусі манапалістам у паслугах сувязі праз 4G, а ў будучыні 5G. Фірмай beCloud валодае Віктар Лукашэнка», — расказвае Матвей Купрэйчык.

«Мільярд за паўгода». Як адбываецца кантрабанда цыгарэтаў

Пра гэта ў фільме расказвае расьсьледавальнік, які пажадаў не называць свайго імя:

«Толькі за апошнія паўгода прыкрылі каля 80 млн кантрабандных цыгарэтаў на мяжы з рознымі дзяржавамі. А паколькі ў сярэднім, паводле статыстыкі, затрымліваюць кожнага 10-га, калі не 15-га, то тут абарот склаў мільярд толькі за апошнія паўгода. Можаце ўявіць, наколькі гэта прыбытковая справа для Лукашэнкі і ўсіх ягоных набліжаных».

Далей сутнасьць схемаў тлумачаць аўтары фільму:

  • «Асноўных гульцоў на беларускім тытунёвым рынку два. Акрамя Алексіна і яго кампаніі EnergoOil, у тытунёвую долю ўваходзіць і Павал Тапузідзіс, кіраўнік „Тытунь-інвэст“. Раней Тапузідзіс быў на чале беларускай цыгарэтнай кантрабанды. Схема была такая: з падкантрольных яму фірмаў, вызваленых ад сплаты падаткаў і праверак, адгружаюцца цыгарэты зь мінус 10% ад прадажнай у краме цаны. Пасьля гэтага зацікаўленыя людзі, якія адкрылі на сябе кіёскі або крамы па продажы цыгарэтаў, прабівалі па касе чэкі. Маўляў, прададзена 1000 пачак цыгарэт з нацэнкай 1 або 2%, зь якіх і сплачваецца падатак. Фактычна гэта робіцца для таго, каб сьпісаць цыгарэты з балянсу легальна. Усе гэтыя цыгарэты прадаюцца дробным памежным кантрабандыстам, якія невялікімі партыямі ўвозяць іх у Эўропу і якіх, па дамоўленасьці зь беларускімі памежнікамі, пэрыядычна паказушна накрываюць».
  • «Алексін і ягоныя праекты EnergoOil і Inter Tobacco атрымліваюць надзвычайныя прэфэрэнцыі і поўны карт-блянш, а таксама доступ да тытана сусьветнай тытунёвай прамысловасьці — горадзенскай фабрыкі, якая вырабляе цыгарэтаў у некалькі разоў больш за ўнутраны попыт Беларусі. Кантрабанду пачынаюць гнаць вагонамі, прытым вагонамі іншых дзяржаўных прадпрыемстваў».

Юры Рававы, старшыня страйкаму «Гродна-Азот», які сьцьвярджае, што стаў сьведкам гэтай схемы:

Юры Рававы
Юры Рававы
  • «У цэхах, замест таго каб проста загружаць пад завязку вагоны, пакідалася месца, наўмысна недасыпаліся вагоны, на іх ставілі плёмбы, яны выяжджалі за тэрыторыю заводу. А там ёсьць прамежак на чыгунцы, дзе можна сарваць плёмбы, пакласьці туды цыгарэты і паставіць плёмбы назад. І ў экспартным вагоне гэта ўсё едзе як у Літву, так і ў Польшчу. Не абыходзілася і без таго, што цыгарэты клалі на заводзе».
  • «Цяпер ідзе пераарыентацыя на ўкраінскі рынак. Там ёсьць вельмі цікавая тэма з гандлёвым домам „Белнафтахіму“. Амаль усе ўгнаеньні едуць цяпер ва Ўкраіну. Але паколькі схема зроблена пераважна для рээкспарту праз Украіну ў Эўропу, гэтыя вагоны з цыгарэтамі могуць цяпер трошкі даўжэй падарожнічаць. І ўгнаеньні прадаюцца, і цыгарэткі прадаюцца».

У фільме сьцьвярджаецца, што групоўка «Кібэрпартызаны» ўзламала паштовую скрыню кампаніі Алексіна EnergoOil. Гігабайты інфармацыі, якую аўтары фільму называюць кампраматам, яны паабяцалі перадаць Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і Народнаму антыкрызіснаму кіраўніцтву, каб яны сталі аргумэнтам падчас увядзеньня ЭЗ санкцыяў супраць уладаў Беларусі.

Што ў гэтых дакумэнтах? Вось чарговая цытата зь фільму:

«Справаздача за абарот цыгарэтаў па ўсіх кіёсках EnergoOil за 2018 год. Амаль 2 мільярды пачкаў, толькі па іхных кіёсках. А ёсьць жа і іншыя. Гэта значыць, прадаецца 5 мільёнаў пачкаў штодзень і па 2 пачкі на кожнага беларуса, які курыць. Кожнаму нескладана зразумець, што гэта проста нерэальная лічба і такіх аб’ёмаў не існуе».

Супраць Алексіна ЭЗ ня ўвёў санкцыі. Хто ягоны лабіст на Захадзе?

Мікалай Халезін
Мікалай Халезін

Арт-дырэктар «Свабоднага тэатру», выканаўчы дырэктар Creative politics Hub Мікалай Халезін, які прасоўвае санкцыі супраць Лукашэнкі, заявіў у фільме:

«Гэта латыская партыя „Згода“, якой кіруе Ніл Ушакоў. Гэта чалавек, які працуе з самымі рознымі бізнэсоўцамі, і ягоны ўдзел у карупцыйных схемах неаднаразова лавіўся латвійскім кіраўніцтвам, сілавымі структурамі. Праз гэта ён пакінуў пасаду мэра Рыгі. Страты, якія нанёс Алексін той жа Латвіі, у шмат разоў перавышаюць падатак, які ён там заплаціў за свой празрысты бізнэс».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG