Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі судзяць сына палітзьняволенага Тацьцяны Канеўскай «за распальваньне варожасьці»


Акцыя пратэсту ў Гомлі, лістапад 2020 году. Ілюстрацыйнае фота.
Акцыя пратэсту ў Гомлі, лістапад 2020 году. Ілюстрацыйнае фота.

28 траўня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы, у якой абвінавачаны 26-гадовы Дзьмітры Канеўскі.

Ён сын палітзьняволенай Тацяны Канеўскай, даверанай асобы Сьвятланы Ціханоўскай, якую нядаўна пакаралі 6 гадамі пазбаўленьня волі.

У сьнежні 2020 году Дзьмітры Канеўскі разьмясьціў у раённым тэлеграм-чаце (цяпер прызнаным экстрэмісцкім) допіс, дзе зьняважліва выказаўся пра супрацоўнікаў АМАП. СК падавала інфармацыю, што абвінавачаны напісаў заклік «забіваць супрацоўнікаў АМАП і іх сем'і» . Такія дзеяньні сьледчыя трактавалі як «распальваньне варожасьці» (артыкул 130 Крымінальнага кодэксу). СК назваў дзеяньні Канеўскага «злачынствам супраць бясьпекі чалавецтва». Але гэта артыкул 128 Крымінальнага кодэксу.

На працэсе прысутнічаў гомельскі валянтэр Ільля Міронаў, які зрабіў аўдыё працэсу. Справу разглядае судзьдзя Руслан Царук. Дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымлівае прадстаўнік пракуратуры Віталь Асадчы.

У чым абвінавачваюць Канеўскага?

Паводле абвінавачаньня, Канеўскі нібыта «ў стане алькагольнага ап’яненьня, маючы намер распаліць сацыяльную варожасьць і жадаючы прыцягнуць увагу шырокага колу асобаў» разьмясьціў камэнтар пра супрацоўнікаў АМАП.

Абвінавачаны прызнаў сваю віну. Ён патлумачыў, што быў нападпітку і на эмоцыях.

«Перад напісаньнем камэнтару я даведаўся, што супрацоўнікі АМАП у Лідзе забілі майго саслужыўца Антона Марцінкевіча. Інфармацыю пра забітага саслужыўца праверыў у ягонай дзяўчыны. І яшчэ мая маці была арыштаваная, і выбары сфальсыфікаваныя... Калі я быў арыштаваны, сьледчы мне сказаў, што мой саслужывец жывы. Канкрэтных дзеяньняў я не рабіў, не зьбіраўся чыніць гвалт, нагаварыў лішняга», — тлумачыў Канеўскі.
Ён шкадуе, што напісаў «жорсткі» камэнтар, і лічыць, што ня варта было гэтага рабіць.

Працяг суду — 15 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG