Пра гэта сайту dev.by паведаміў муж Алены Канстанцін Канопка.
23 красавіка суд Першамайскага раёну Менску разгледзеў адміністрацыйную справу Алены Горынай, жонкі вядомага ІТ-спэцыяліста Канстанціна Канопкі. Судзьдзя прысудзіў Алене 100 базавых велічынь штрафу (2250 рублёў. — РС), абвінаваціўшы яе ў незаконным пікетаваньні, а менавіта ў разьмяшчэньні герба «Пагоня» на акне кватэры, у якой жыве Алена з мужам і дзіцем.
У пастанове суду гучала, што «Пагоня» зьяўляецца сымбалем пратэсту супраць дзейнай улады.
Але гісторыя на гэтым ня скончылася. Алена Горына вырашыла абскардзіць рашэньне суду, а яе муж зьвярнуўся з запытам у пракуратуру з патрабаваньнем растлумачыць, ці ёсьць у Беларусі абмежаваньні на выкарыстаньне герба «Пагоня», які зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.
Пазьней Канстанцін расказаў, што пракуратура накіравала ягоны запыт у Міністэрства культуры. Адкуль праз пэўны час прыйшоў адказ, у якім паведамляецца, што абмежаваньняў правоў на выкарыстаньне нематэрыяльных-культурных каштоўнасьцяў (да іх менавіта належыць Пагоня) ня вызначана.
Па словах Канстанціна Канопкі, нягледзячы на тое, што адказ далучылі да справы, гэта ніяк не паўплывала на рашэньне суду аб апэляцыі.