Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджаліна Джалі і Сьвятлана Алексіевіч абмяняліся думкамі пра Беларусь


Анджэліна Джалі ў лягеры ўцекачоў у Іраку, 2015 год

Сьвятлана Алексіевіч і Анджаліна Джалі абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі на сустрэчы, якую зладзілі @by_culture разам з Amnesty International.

Акторка і пасол добрай волі ААН Анджаліна Джалі сказала Сьвятлане Алексіевіч, што надзвычай уражаная ейнай кнігай «У вайны не жаночы твар», якую нядаўна прачытала. Яна таксама выказала занепакоенасьць ціскам на дзіцячы госьпіс у Горадні , за сытуацыяй вакол якога пільна сочыць.

Анджаліна Джалі і Сьвятлана Алексіевіч размаўлялі таксама пра палітвязьняў і спосабы іх падтрымкі. У прыватнасьці, беларуская пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч расказала пра гісторыю 17-гадовага Мікіты Залатарова, паведамляе BY_culture. Яны прагаварылі каля дзьвюх гадзінаў.

Анджаліна Джалі — пасол добрай волі ААН у справах уцекачоў. Ад нядаўняга часу ў сваіх інтэрвію знакамітая акторка пачала намякаць, што не выключае для сябе палітычнай кар'еры.

Прыхільніцай пісьменьніцкага таленту Сьвятланы Алексіевіч зьяўляецца і іншая галівудзкая акторка – Сара Джэсіка Паркер. Амэрыканская зорка сэрыялу «Сэкс у вялікім горадзе» пяць гадоў таму выклала ў інстаграме фота кніг, якія яна чытае. Сярод іх быў і «Час сэканд-хэнд» Сьвятланы Алексіевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG