Паводле Гулевіча, яго вывезьлі зь СІЗА-1 расейскага гораду Цьвер а 6 гадзіне раніцы чацьвярга ў суправаджэньні канвою, і прыблізна а 13-й гадзіне даставілі да мяжы. Увесь гэты час яму не дазвалялі карыстацца тэлефонам і зьвязацца з адвакатам, а таксама не выпускалі ў туалет, паведамляе расейская служба Радыё Свабода.
«МУС лічыць тэму правоў ЛГБТ+ таксычнай, таму імкнулася максымальна схаваць Назара ад вачэй грамадзкасьці і правяло дэпартацыю таемна. Назар апынуўся ў Беларусі бяз грошай, на трасе, бяз пэўнасьці, як і куды дабірацца. Пры гэтым яго дэпартацыя суправаджалася пагрозамі ад паліцэйскіх. Усё магло быць арганізавана значна больш чалавечна, але ўлады баяцца трансгендэрных людзей і пазбавіліся ад Назара максымальна хутка», — заявіў юрыст Аляксандар Белік.
У канцы красавіка расейская Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў прызнала непажаданым знаходжаньне Гулевіча на тэрыторыі Расеі на працягу васьмі гадоў, пасьля чаго ўпраўленьне па пытаньнях міграцыі МУС пастанавіла дэпартаваць яго з краіны.
Назар Гулевіч нарадзіўся і жыў раней у Беларусі, тады яго звалі Настасьсяй. У інтэрвію «Московскому комсомольцу» ён казаў, што ад 12 гадоў адчуваў сябе хлопчыкам. Гулевіч змог зрабіць апэрацыі ў рамках трансгендэрнага пераходу. У 2008 годзе ён выдаліў сабе грудзі. Але атрымаў ускладненьні і далейшых апэрацый ужо не рабіў.
Ён адслужыў у беларускім войску — у кіналягічнай службе. Пайсьці служыць ён мусіў, бо пасьля выдаленьня грудзей атрымаў пашпарт на мужчынскае імя, і яго паставілі на вайсковы ўлік, расказала жонка. Паводле яе, у войску ведалі пра яго асаблівасьці і «ставіліся з разуменьнем».
Гулевіч ад пачатку 2000-х прыяжджаў у Маскву на заробкі і пазьней застаўся там жыць (у Маскве ён і пазнаёміўся з будучай жонкай). Працаваў у асноўным на будоўлях, вучыўся ва ўнівэрсытэце па спэцыяльнасьці «мытная справа», удзельнічаў у адным з эпізодаў праграмы «Бітва экстрасэнсаў».
У 2018 годзе Гулевіча затрымалі па справе аб махлярстве. Паводле вэрсіі сьледзтва, Гулевіч стаў кіраўніком падстаўной фірмы і разам з саўдзельнікамі з дапамогай падробленых дакумэнтаў завалодаў чужой кватэрай. Сам Гулевіч казаў, што спачатку не разумеў, ува што ўвязаўся, а калі западозрыў нядобрае, паспрабаваў уцячы, але яго злавілі і пагрозамі прымусілі падпісаць патрэбныя для зьдзелкі дакумэнты. Яго асудзілі на 4,5 года, больш за палову тэрміну ён правёў у адзіночнай камэры жаночага СІЗА.