Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна футбольная зорка адмовілася ад удзелу ў матчы да 110-годзьдзя беларускага футболу


Матч зорак на стадыёне "Дынама" пад пагрозай зрыву

Самы тытуляваны гулец у гісторыі літоўскага футболу Эдгарас Янкаўскас адмовіўся ад запрашэньня на матч, прысьвечаны 110-годзьдзю беларускага футболу і ўрачыстым провадам форварда Аляксандра Глеба.

Як паведамляе інфармацыйны партал Delfi.lt, 46-гадовы спэцыяліст адмяніў паездку ў Менск, прызначаную раней на 5 чэрвеня.

«Я прыняў рашэньне пасьля асэнсаваньня ўсіх апошніх навін, хоць, шчыра кажучы, ня думаю, што матч адбудзецца наогул. Цалкам магчыма, што эўрапейская каманда сабрацца ня зможа. Абвастрэньне сытуацыі адназначна паўплывае на ранейшыя пляны. Мяркуючы па ўсім, у Беларусь ніхто не паедзе», — адзначыў Эдгарас Янкаўскас.

Раней ад удзелу ў «Матчы зорак» адмовіўся славуты ў мінулым чэскі футбаліст Томаш Расіцкі, а таксама шматгадовы капітан зборнай Беларусі Сяргей Штанюк і экс-брамнік нацыянальнай каманды Генадзь Туміловіч.

Сустрэча камандаў вэтэранаў Беларусі і Эўропы заплянаваная 5 чэрвеня на менскім стадыёне «Дынама» пад эгідай Беларускай фэдэрацыі футболу. Грамадзкая арганізацыя на чале з адстаўным вайскоўцам Уладзімерам Базанавым цалкам падтрымлівае палітычны курс Лукашэнкі і карае клюбы ды гульцоў за любыя праявы неляяльнасьці да рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG