Пакараньне за допіс пра супрацоўнікаў міліцыі
26 траўня суд Бабруйскага раёну і Бабруйску вынес прысуд Ірыне Барздовай, якую абвінавацілі ў абразе супрацоўнікаў міліцыі (арт. 369 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядаў судзьдзя Васіль Галкоўскі, удакладняе «Вясна».
Пацярпелыя — начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Ленінскага раёну Бабруйску Андрэй Сябецкі і начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Бабруйскага гарвыканкаму Сяргей Рудзько.
Паводле матэрыялаў сьледства, летась у кастрычніку Ірына Барздова ў адным з тэлеграм-каналаў выказалася пад запісам пра двух знаёмых міліцыянтаў. Праз некалькі дзён да жанчыны прыйшлі зь ператрусам і праінфармавалі, што супраць яе пачалі крымінальную справу.
У судзе Ірына Барздова пацьвердзіла, што напісала камэнтар, але ня лічыць яго абразьлівым. Патлумачыла, што ня мела на мэце некага прынізіць, проста эмацыйна выказалася.
Тым ня меней суд прызнаў яе вінаватай і пакараў абмежаваньнем волі на 1 год без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. Апроч гэтага абвінавачаная мусіць кампэнсаваць маральную шкоду па 800 рублёў кожнаму міліцыянту.
«Хатняя хімія» за абразу сілавіка ў сацсетках
Суд Маскоўскага раёну Берасьця асудзіў на 1,5 года «хатняй хіміі» нараджэнца Драгічына Аляксандра Кумірава за абразу прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу.
Справу разглядала судзьдзя Марыя Аліферук.
Мужчыну прызналі вінаватым у абразе пад камэнтаром у «Одноклассниках» драгічынскага міліцыянта Юрыя Чарнышкова. Таксама суд абавязаў абвінавачанага кампэнсаваць пацярпеламу 1000 рублёў маральнай шкоды, піша берасьцейская «Вясна».
Паводле абвінавачваньня, летась 13 жніўня Аляксандар Куміраў пакінуў камэнтар на старонцы карыстальніцы з нікнэймам «Вера Канавалава». У той нататцы сьцьвярджалася, што міліцыянт Юры Чарнышкоў «зьбіваў дзяўчыну рукамі і нагамі на плошчы навідавоку ў людзей». Мужчына зрабіў допіс з лаянкавым словам.
Пацярпелы, які зьяўляецца опэрупаўнаважаным у Драгічынскім раёне, сьцьвярджае, што не ўчыняў дзеяньняў, якія фігуравалі ў публікацыі. І запатрабаваў 3000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.
Дзяржабвінаваўца запрасіла для фігуранта справы пакараньне ў выглядзе 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») і пакрыцьця маральнай шкоды ў памеры 3000 рублёў.
Судзьдзя прызначыла паўтары гады «хатняй хіміі», але зьменшыла грашовую частку да 1000 рублёў.
Абмежаваньне волі за сарваную маску
2,5 года «хатняй хіміі» прысудзілі жанчыне за сарваную маску з супрацоўніка міліцыі, паведамляе «Вясна».
Суд Жодзіна агучыў прысуд Анастасіі Герыловіч, якая «зьдзейсьніла гвалт альбо пагрозу прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Летась у верасьні па інтэрнэце разьляцелася відэа, на якім міліцыянт Мікалай Бараноўскі б’е жанчыну па твары з такой сілай, што яна падае на зямлю. Да таго адразу ж падбеглі абураныя жодзінцы, адна зь іх — Анастасія Герыловіч, якая сарвала зь яго маску.
За гэты ўчынак больш чым праз 8 месяцаў яе пакаралі абмежаваньнем волі.