Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым больш шалёныя дзеяньні Лукашэнкі, тым больш спакойным на гэтым фоне выглядае Пуцін, — Радзіхоўскі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матча ў Сочы, 7 лютага 2020
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матча ў Сочы, 7 лютага 2020

Расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі мяркуе, што любы канфлікт з Эўропай для Лукашэнкі толькі прыемнасьць, лічыць, што эўрапейскія палітыкі працягнуць праклінаць Лукашэнку, але на рэальныя эканамічныя санкцыі ня пойдуць, і заяўляе, што калі б не было маскоўскага «даху», то Лукашэнка пасьля жніўня не пратрымаўся б і месяца

Сьцісла

  • Гэта ня Стывэн Кінг, гэта Аляксандар Лукашэнка
  • Чым мацнейшая жалезная заслона паміж Беларусьсю і Эўропай — тым горш для Беларусі і лепш для Лукашэнкі
  • Беларускія сілавікі падпарадкоўваюцца Лукашэнку толькі таму, што за ім Масква
  • Ніякай пагрозы для Эўропы ён не прадстаўляе. Што, Менск пачне вайну з Польшчай ці Літвой? Сьмешна
  • Масква адступіць ад Лукашэнкі адразу, як сыдзе Пуцін

— Як вы ацэньваеце сытуацыю з пасаджаным у Менску самалётам Ryanair, яе прычыны і наступствы?

— Думаю, рашэньне пра гэтую апэрацыю прымаў асабіста Лукашэнка, і, як я разумею, у апошнюю сэкунду. Бо калі б усё было прадумана, то раней бы паслалі зьнішчальнік.

Леанід Радзіхоўскі
Леанід Радзіхоўскі

Што тычыцца самой апэрацыі, то тут «я милого узнаю по походке». Гэта тое самае правінцыйнае трызьненьне, якое мы чуем увесь час. То мы чуем, што дывізіі NATO стаяць на межах Беларусі і мы будзем стаяць да апошняга, чуем, што хтосьці хоча забраць Гарадзенскую вобласьць, чуем нібыта перахоп размоваў Ніка і Майка. Гэта з той самай сэрыі — збор твораў Аляксандра Рыгоравіча ў многіх тамах.

Мэта апэрацыі цалкам вар’яцкая. Бо калі мэтай было нэўтралізаваць Пратасевіча, то для яе выкананьня яго можна было проста забіць у Атэнах, Вільні ці ў любым месцы Зямлі. А потым хай паспрабуюць даказаць, хто гэта арганізаваў. І шуму было б у тысячу разоў менш. А ў сытуацыі з самалётам шум максымальны, і ўсім зразумела, і ніхто гэтага не адмаўляе, што кіраваў апэрацыяй сам Лукашэнка.

У кожнага пісьменьніка ёсьць свой стыль, свой набор любімых сюжэтаў. Прыдумаць сюжэт пра тое, што ХАМАС зьбіраўся ўзарваць бомбу над Вільняй, а над Менскам ХАМАС бомбу ўзрываць не зьбіраўся, і для таго, каб самалёт ня выбухнуў, да яго трэба паслаць вайсковы зьнішчальнік, — гэта ня Стывэн Кінг, гэта Аляксандар Лукашэнка, гэта ягоная творчасьць. У сваім творчым разьвіцьці ён ідзе ўсё далей і далей.

— Ці ёсьць адчуваньні, што беларуская ўлада наўмысна абвастрае сытуацыю, наўмысна «нарываецца» — каб чарговы раз пабачыць, што адказ Эўропы будзе ня вельмі моцны?

— Я думаю, што ў адказ ён нічога асабліва не атрымае. Нават калі краіны Эўропы закрыюць цалкам паветраную прастору над Беларусьсю, — то пацярпяць беларусы, але не Лукашэнка. Ён у Эўропу ня лётае, ягоныя сыны і найбліжэйшае атачэньне таксама.

Лукашэнка нават у пэўным сэнсе выйграе, бо чым шчыльнейшая сьцяна паміж Беларусьсю і Эўропай, чым мацнейшая жалезная заслона паміж Беларусьсю і Эўропай — тым горш для Беларусі і лепш для Лукашэнкі. Таму любы канфлікт з Эўропай для Лукашэнкі — толькі прыемнасьць.

Адзінае, што для Лукашэнкі было б рэальна цяжка, — гэта калі б Эўразьвяз наклаў рэальныя эканамічныя санкцыі, напрыклад, эмбарга на гандаль зь Беларусьсю, перасталі б купляць беларускія нафтапрадукты. Гэта быў бы сапраўды балючы ўдар, эканоміка і так мае складанасьці, узровень жыцьця беларусаў пагаршаецца. Але, наколькі я разумею, Эўропа ніколі нічога такога ня зробіць.

— Ці лічыце вы, што пасьля гісторыі з самалётам адбудзецца пэўная зьмена стаўленьня да беларускага рэжыму? Бо раней усе ведалі, што тут 25 гадоў адбываюцца палітычныя рэпрэсіі, якія надыходзяць хвалямі, — на гэта ўжо звыклі неяк традыцыйна рэагаваць палітычнымі (але не эканамічнымі) санкцыямі. Але цяпер рэжым у Менску можа ўспрымацца як пагроза ня толькі для грамадзян Беларусі.

— На самой справе гэта балбатня. Ніякай пагрозы для Эўропы ён не становіць. Што, Менск пачне вайну з Польшчай ці Літвой? Сьмешна. Эўрапейскія палітыкі працягнуць яго праклінаць, але на рэальныя санкцыі ня пойдуць. Эўразьвяз настолькі складана ўладкаваны, што дамовіцца ўсім краінам наконт санкцыяў даволі цяжка. Вось калі б ён зьбіў гэты самалёт — тады б яму быў канец, гэта праўда.

А так — Лукашэнка і так неўязны, палітычныя адносіны парваныя цалкам, што тут новага? Хаця паслы застаюцца ў Менску. (І, дарэчы, як дыпляматы будуць дабірацца да Менску пры закрытым небе?)

— Рэакцыя расейскай блогасфэры на інцыдэнт з самалётам падзялілася адпаведна палітычным сымпатыям. Маргарыта Сіманьян напісала ў твітэры, што нават зайздросьціць Беларусі. Адны выказваюць вэрсію, што апэрацыя была ўзгоднена з Масквой, іншыя — што, наадварот, Лукашэнка «падводзіць» Пуціна перад сустрэчай з Байдэнам. Як вы ставіцеся да вэрсіі, што Лукашэнка зрабіў гэта па ўзгадненьні з Крамлём?

— Я думаю, ён зрабіў гэта сам, безь ніякага ўзгадненьня. Пуціна ён гэтым не падводзіць, наадварот, такія дзеяньні Лукашэнкі выключна выгадныя Пуціну. Бо чым больш шалёныя дзеяньні Лукашэнкі, тым больш спакойным на гэтым фоне выглядае Пуцін.

Вядома, у расейскіх патрыётаў рэфлекс толькі адзін — «мала». Любы выпад супраць Захаду яны ацэньваюць аднолькава — «мала, трэба больш». Галаўнога мозгу няма, а сьпінны дасылае адзін рэфлекс — «мала».

— Прагучала ўжо і вэрсія, што Лукашэнка нібыта ведае пра хваробу Пуціна і таму так сябе паводзіць. Маўляў, хоча дачакацца сыходу Пуціна і зноў марыць пра шапку Манамаха.

— Што тычыцца хваробы Пуціна — то гэта да «доктара» Салаўя. Ён ужо шмат разоў яго дыягнаставаў, некалькі разоў яго пахаваў, потым яго ўваскрашае. Я не адмысловец па здароўі Пуціна, хай Салавей тлумачыць, калі Пуцін «памрэ» гэтым разам. Звычайна ў Салаўя тэрмін два месяцы да чарговай «сьмерці Пуціна» — так што гэта не да мяне.

— Лукашэнка разрывае адносіны з Захадам крок за крокам, прабівае дно, як кажуць у Беларусі. Крэмль ад гэтага толькі радуецца? Ці няма тут лінейнай залежнасьці? Разрывае адносіны з Захадам, але не становіцца больш залежным ад Масквы?

— Калі б не было маскоўскага «даху», то Лукашэнка пасьля жніўня не пратрымаўся б больш за месяц. Прытым тут ня толькі палітычны і грашовы складнік, але яшчэ важнейшы псыхалягічны і маральны складнік. Страшна падняцца супраць Лукашэнкі, ведаючы, што за ім Масква.

Больш за тое, я думаю, што беларускія сілавікі падпарадкоўваюцца Лукашэнку толькі таму, што за ім Масква. Бо радасьці ад яго ніякай, ён тасуе калоду сілавікоў, як хоча, у даволі прыніжальнай форме. Так што яны яго церпяць толькі таму, што за ім Масква.

А Масква адступіць ад Лукашэнкі адразу, на наступны дзень, як сыдзе Пуцін. Бо Маскве ён не патрэбны зусім. Пуціну ён патрэбны, бо гэта важны элемэнт ягонай пэрсанальнай харызмы. А наступніку Пуціна і Беларусь не патрэбная, і Абхазія не патрэбная, і ДНР. Крым Расея захавае, нікому не аддасьць.

Пуціну, безумоўна, вельмі выгадны такі шалёны партнэр. Па-першае, Лукашэнка — самы працяглы дыктатар. Па-другое, на фоне такіх выбрыкаў Лукашэнкі Пуцін выглядае цалкам адэкватным джэнтэльмэнам, самалёты не захоплівае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG