Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякам аддалі цела палітвязьня Вітольда Ашурка, які памёр у турме. У яго забінтаваная галава

абноўлена

Вітольд Ашурак.
Вітольд Ашурак.

Вітольда Ашурка пахаваюць у Бярозаўцы.

Андрэю Ашурку аддалі ў Шклове цела памерлага брата, палітвязьня Вітольда Ашурка, які нечакана памёр у калёніі 21 траўня.

Сяброўка сям'і Вольга Быкоўская расказала «Белсату», што ў Вітольда «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, відаць толькі рот».

Цела Ашурка яшчэ ў Шклове пераапранулі ў касьцюм, адразу паклалі ў труну, якую сваякі прывезьлі з сабой. Апрача перабінтаванай галавы, у Вітольда відаць падрапаныя рукі. Чаму галава перавязаная, пакуль невядома.

Цяпер сваякі вязуць нябожчыка ў ягоную родную Бярозаўку Лідзкага раёну.

Пра тое, што можна забраць цела, ім паведамілі напярэдадні ўвечары. Яны выехалі ў Шклоў ноччу.

Пахаваньне Ашурка адбудзецца ў Бярозаўцы ў сераду 26 траўня. З 9-й гадзіны раніцы з памерлым можна будзе разьвітацца ў будынку Дома быту (Наваградзкая вуліца, 8). А 14-й у бярозаўскім касьцёле пройдзе імша. Пасьля яе Вітольда Ашурка пахаваюць на гарадзкіх могілках.

Сваякі просяць тых, хто прыедзе на пахаваньне, паводзіць сябе спакойна і бясьпечна.

50-гадовы палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай турме ад «спыненьня сэрца» 21 траўня. Абставінаў сьмерці родныя ня ведаюць. У яго засталіся жонка, маці, брат.

Ашурка затрымалі летась 19 верасьня. За арганізацыю беспарадкаў і гвалт над міліцыянтам яму далі 5 гадоў калёніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. На прысудзе нехта выгукнуў «Ганьба» і «Верым, можам, пераможам». На людзей завялі крымінальную справу.

У апошні месяц зь пераводам у шклоўскую калёнію ад Ашурка перасталі прыходзіць лісты сваякам і блізкім. У адным з апошніх лістоў ён паведаміў, што ў Шклове «палітычным» нашываюць жоўтыя пазнакі. Ён правёў за кратамі 8 месяцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG