Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матэрыялы справы Міколы Дзядка перадалі ў пракуратуру — яго вінавацяць паводле трох артыкулаў


Мікалай Дзядок
Мікалай Дзядок

У Сьледчым камітэце свае доказы віны Дзядка назвалі «неабвержнымі».

Сьледчы камітэт Менску завяршыў расьсьледаваньне шматэпізоднай крымінальнай справы Мікалая Дзядка. Там адзначылі, што ва ўзаемадзеяньні з супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС «атрымалі доказы аб датычнасьці ўдзельніка анархісцкага руху Дзядка да зьдзяйсьненьня шэрагу злачынстваў».

Паводле сьледзтва, удзень 23 жніўня 2020 году абвінавачаны ўзяў актыўны ўдзел у менскіх пратэстах, разам зь нявызначанымі асобамі «парушаў грамадзкі спакой і блякаваў рух транспарту». Таксама, згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Мікалай Дзядок цягам некалькіх гадоў адміністраваў «радыкальны тэлеграм-канал».

У Сьледчым камітэце свае доказы віны Дзядка назвалі «неабвержнымі», яны нібыта сьведчаць аб дзеяньнях дзеля прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь.

«Для рэалізацыі названай мэты абвінавачаны неаднаразова распаўсюджваў розныя матэрыялы на кіраваным ім тэлеграм-канале, выкарыстоўваючы мэтады, накіраваныя на дэстабілізацыю становішча ў краіне, штучнае нагнятаньне напружанасьці і процістаяньня ў грамадзтве, пашырэньне ідэалёгіі экстрэмізму».

У лістападзе 2020 году Дзядка груба затрымалі на здымнай кватэры ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну. СК заявіў, што ў ходзе ператрусу канфіскавалі «шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, якія, згодна з заключэньнем экспэрта Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў, зьяўляюцца прадметамі, дзеяньні якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў».

Таксама на месцы затрыманьня сілавікі зьнялі зь Дзядком відэа, на якім на твары публіцыста і дзеяча анархісцкага руху відавочныя сьляды пабіцьця.

Дзядку прад’явілі абвінавачаньне паводле:

  • ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаны зь яўным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэньне працы транспарту);
  • ч. 2 арт. 361 (распаўсюд матэрыялаў, якія зьмяшчаюць заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаньнем інтэрнэту);
  • ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеяньні ў адносінах да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Матэрыялы справы Міколы Дзядка перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG