Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даляр ужо па 2,5 рубля. Чаму ён зьніжаецца, разьбіраемся


Амэрыканская валюта падае адносна беларускага рубля ўжо другі месяц запар. Высьвятляем, з чым гэта можа быць зьвязана.

Гістарычны максымум даляра адносна беларускага рубля быў 8 красавіка. Цяпер больш як месяц ідзе зьніжэньне, даляр каштуе ўжо 2,5 рубля. На думку старшага аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Іосуба, гэта зьвязана з продажам валюты прадпрыемствамі.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Гэтае падзеньне не зьвязанае з плацяжамі падаткаў у канцы траўня. Цяпер на рынку адбываецца чысты продаж валюты: прадаўцоў валюты больш, чым пакупнікоў. Па статыстыцы не відаць, хто гэтыя прадаўцы. Хутчэй за ўсё, валюту прадаюць прадпрыемствы, а не грамадзяне, бо ў грамадзян за апошнія месяцы ўстойлівая тэндэнцыя на набыцьцё валюты», — тлумачыць Вадзім Іосуб.

Чаму прадпрыемствы прадаюць валюту

Прадпрыемствы прадаюць валюту, бо «ў іх яе дастаткова». Актыўна ідзе экспарт за досыць высокі кошт.

«Дастаткова добрая сытуацыя з нафтапрадуктамі і калійнымі ўгнаеньнямі, пакуль актыўна ідзе экспарт, расьце станоўчае сальда зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі. Рост экспарту ў грашовым вымярэньні апераджаў рост імпарту, расьце валютная выручка, яе хапае, каб прадаваць для нейкіх патрэбаў», — кажа Вадзім Іосуб.

Таксама аналітык зьвяртае ўвагу, што «трэнд на зьніжэньне даляра — гэта працэс, які сам сябе падтрымлівае». Пакуль валюта расла, яе не было патрэбы прадаваць. А калі яна таньнее, яе прадаюць, бо заўтра яна будзе яшчэ таньнейшая. Сама тэндэнцыя падштурхоўвае працэс.

Калі даляр зноў пачне расьці

Паводле Вадзіма Іосуба, «беларускі рубель можа ўмацоўвацца яшчэ тыдзень ці два», многае залежыць ад мэханізму дзеяньня амэрыканскі санкцый.

«Многае залежыць ад таго, як пачнуць дзейнічаць амэрыканскія санкцыі супраць беларускай нафтаперапрацоўкі. Важна, наколькі актыўна неамэрыканскія контрагенты будуць перапыняць супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Калі гэты працэс атрымае заўважнае разьвіцьцё, то можна чакаць зьніжэньня валютнай выручкі. Гэта, у сваю чаргу, можа спыніць трэнд на ўмацаваньне беларускага рубля», — мяркуе Вадзім Іосуб.

То бок, калі пачнуць дзейнічаць «другасныя санкцыі» — калі ня толькі амэрыканскія кампаніі, але і іхныя партнэры зь іншых краін спыняць супрацоўніцтва зь Беларусьсю, — рубель можа пачаць слабець адносна даляра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG