Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Агент ЦРУ — і доказаў ня трэба». Андрэй Сахараў ў дакумэнтах КДБ Украіны


Андрэй Сахараў
Андрэй Сахараў

21 траўня спаўняецца 100 гадоў Андрэю Сахараву — чалавеку, які яшчэ пры жыцьці стаў адным з галоўных сымбаляў савецкага дысыдэнцкага руху.

Сахараў жыў у Маскве (да высылкі ў Горкі ў 1980-м), але быў арыентырам для нязгодных (і «галаўным болем» для КДБ) у розных кутках краіны: яму пісалі і тэлефанавалі, перадавалі рукапісы, прасілі парады і клікалі на чарговы суд з усяго Савецкага Саюзу. Імя Сахарава часта згадваецца ў дакумэнтах КДБ Украінскай ССР, якія захоўваюцца ў архіве Службы бясьпекі Украіны. Карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» Эдуард Андрушчанка сабраў самыя цікавыя зь іх і супаставіў паведамленьні чэкістаў з тым, што пісаў у мэмуарах сам Сахараў.

Арышт за верш і «хворы» судзьдзя

У сьнежні 1971 году Андрэй Сахараў прыляцеў у Кіеў. Яму нядаўна споўнілася 50 гадоў. Да таго моманту ён ужо пасьпеў пабыць супэрзоркай савецкай навукі (акадэмік у 32 гады, тройчы Герой Сацыялістычнай Працы — самы малады ў савецкай гісторыі), але гэтую старонку яго жыцьця можна было лічыць перагорнутай. Стаўшы ў 1950-х адным са стваральнікаў савецкай вадароднай бомбы, вучоны пазьней пачаў выступаць супраць выпрабаваньняў ядзернай зброі, а з часам ператварыўся ў прынцыповага крытыка савецкай сыстэмы. Ён пісаў артыкулы і брашуры аб парушэньнях правоў чалавека ў СССР, заклікаў бакі халоднай вайны да дыялёгу, у судзе і за яго межамі абараняў фігурантаў палітычных працэсаў.

У Кіеве ў тыя дні павінен быў адбыцца суд над украінскім паэтам і дысыдэнтам Анатолем Лупіносам.

Анатоль Лупінос пасьля арышту ў 1971 г.
Анатоль Лупінос пасьля арышту ў 1971 г.

Лупінос ужо быў двойчы судзімы за «антысаветчыну», адседзеў 10 гадоў. На гэты раз яго арыштавалі і судзілі за публічнае чытаньне свайго верша «Я бачив, як безчестили матір» каля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Кіеве. У вобразе маці выразна адгадвалася алегорыя на Ўкраіну пры савецкай уладзе.

Для таго каб падтрымаць Лупіноса, сачыць за ходам працэсу і надаць яму агалоску, Сахараў і прыбыў ва ўкраінскую сталіцу. Зь ім была паплечніца і нявеста Алена Бонэр. Яны пазнаёміліся ня так даўно — таксама на судзе. (…)

Раніцай 16 сьнежня Сахараў і Бонэр сустрэліся ў гасьцініцы з двума мясцовымі дысыдэнтамі, Леанідам Плюшчам (менавіта ён па тэлефоне расказаў Сахараву пра справу Лупіноса) і Іванам Сьвятлічным, пасьля чаго ўсе адправіліся ў Кіеўскі абласны суд.

Прысутнасьць групы падтрымкі (а тым больш знакамітага масквіча) на судовым пасяджэньні не ўваходзіла ў пляны КДБ — падсудны пераканаўся б у сваёй праваце, а працэс прыцягнуў бы дадатковую ўвагу. Часьцяком патрэбная ўлады атмасфэра ў судзе забясьпечвалася запрашэньнем камсамольскай масоўкі, якая дружна асуджала фігуранта справы. Але ў той дзень пасяджэньне проста перанесьлі з надуманай прычыны.

«У мэтах прадухіленьня магчымых эксцэсаў у сувязі з разглядам крымінальнай справы Лупіноса судовае паседжаньне было адкладзена на падставе хваробы старшыні», — дакладваў рэспубліканскі КДБ у ЦК Кампартыі Ўкраіны.

Сахараў пры гэтым успамінаў, што нехта зь іх групы пасьпеў убачыць «хворага» судзьдзю на працы. (…)

«Арганізавана засылка»

Пасадзіць ці адправіць у вар’ятню самога Сахарава ўлада не адважвалася. Спачатку свайго роду індульгенцыяй былі ягоныя навуковыя дасягненьні і рэгаліі, пазьней — сусьветная вядомасьць і Нобэлеўская прэмія. З акадэмікам змагаліся прапагандысцкімі кампаніямі, якія пераходзілі ў цкаваньне.

У 1973-м Сахараў даў інтэрвію швэдзкаму журналісту Уле Стэнхольму, у якім крытыкаваў розныя бакі савецкага рэжыму. Матэрыял цытавалі СМІ па ўсім сьвеце. СССР адказаў камэнтарам ТАСС для замежных краін і артыкулам «Пастаўшчык паклёпу» ў «Літаратурнай газэце» — для ўнутранага спажываньня.

Паралельна Ўсесаюзнае кіраўніцтва КДБ разаслала ў рэспублікі ўказаньне наладзіць «адпраўку лістоў» акадэміку.

Арганізацыя напісаньня і адпраўкі людзям або арганізацыям лістоў ад «неабыякавых грамадзян» была адным з распаўсюджаных мэтадаў працы КДБ. (…)

Захавалася справаздача аб арганізаванай адпраўцы лістоў Андрэю Сахараву.

«Па ўказаньні КДБ пры Савеце Міністраў СССР у мэтах станоўчага ўзьдзеяньня на Сахарава Камітэтам дзяржбясьпекі пры Савеце Міністраў УССР арганізавана засылка лістоў у яго адрас ад шэрагу грамадзян рэспублікі, у якіх праяўляецца адмоўнае стаўленьне да выказаных ім у інтэрвію „поглядаў“», — рапартавалі ва ўкраінскім КДБ. (…)

Без узнагарод і ў ссылцы

У студзені 1980 году Сахарава пазбавілі ўсіх савецкіх узнагарод і званьняў (акрамя акадэміка) і выслалі ў Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад) — горад, закрыты для іншаземцаў. Гэта быў адказ на інтэрвію і заявы дысыдэнта з асуджэньнем ўварваньня савецкіх войскаў у Аўганістан і падтрымкай ідэі байкоту маскоўскай Алімпіяды.

КДБ інфармаваў, што рашэньне ўлады «актыўна абмяркоўваецца» ў тым ліку ў працоўных калектывах.

У дакумэнце прыведзены словы электраманцёра Днепрапятроўскага электравозабудаўнічага заводу Б. Лісуна: «Пазбаўленьне Сахарава ўсіх узнагарод — гэта апошняе папярэджаньне. Цяпер вакол гэтага факту падымецца шуміха, арганізаваная заходняй прапагандай. Аднак савецкія людзі, па шматлікіх просьбах якіх быў зроблены гэты крок, дадуць годны адпор інтрыгам буржуазнай дэмагогіі. Пацьвярджэньне таму абмеркаваньне і адабрэньне рабочымі цэха дзеяньняў нашага ўраду».

Загадчыца аддзела Палаца піянэраў і школьнікаў гораду Чарнаўцы Л. Турэўская выказала пажаданьне, каб Сахарава «як крымінальніка» адправілі «у такія аддаленыя месцы, у якіх ён ня зможа слухаць варожыя заакіянскія „галасы“».

В. Сазонкін, інспэктар Ровенскага аддзелу культуры, быў перакананы, што Сахарава даўно трэба было пасадзіць «як агента ЦРУ». «Гэта не патрабуе доказаў. І так зразумела, на каго ён працуе», — дадаў ён.

Афіцыйна высылка Сахарава ніяк не была зьвязана з маскоўскай Алімпіядай, але многія іншадумцы не сумняваліся, што ад акадэміка пазбавіліся перад будучымі Гульнямі. (…)

Сахараў у Горкім ляяльна сябе ня вёў і разам з Аленай Бонэр правёў у горкаўскай ссылцы амаль сем гадоў. Вярнуцца ў Маскву ім дазволілі ўжо ў перабудову, у канцы 1986-га — каб паведаміць пра гэта, акадэміку патэлефанаваў асабіста Міхаіл Гарбачоў.

Пасьля вяртаньня з ссылкі Андрэй Сахараў, якому было ўсяго 64, пражыў яшчэ тры гады. За гэты час ён пасьпеў стаць дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР і прадставіць праект новай Канстытуцыі СССР. Узнагароды і званьні Сахараву так і не вярнулі — ні пры жыцьці, ні пасьмяротна.

Цалкам матэрыял чытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG