Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на аднаўленьне касьцёла ў Будславе сабралі 426 тысяч рублёў, у Польшчы — звыш 5 тысяч злотых


Будслаўскі фэст, архіўнае фота

Працягваюцца працы па ліквідацыі наступстваў пажару ў Будслаўскім касьцёле. Валянтэры ачысьцілі ад попелу правы і левы нефы і пачалі прыбіраць цэнтральную частку даху.

Паводле тэлеграм-каналу «Адновім Будслаў разам!», унутры храму разабралі абгарэлыя часткі, прыбралі вугольле, для прасушкі паднялі на падстаўкі алтары і драўляныя лаўкі, усталявалі кантралёры вільгаці.

Збор грошай на аднаўленьне пацярпелага ад пажару касьцёла Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Панны Марыі ідзе ў Беларусі і Польшчы. На гэты момант сабрана 426 535 рублёў. Акрамя таго, беларуская супольнасьць у Польшчы заклікала ахвяраваць сродкі на інтэрнэт-плятформе zrzutka.pl, дзе ўжо сабралі 5301 злоты (каля 1500 даляраў).

11 траўня ў Будслаўскім касьцёле здарыўся пажар, абваліўся дах. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Сьвятыя Дары ды іншае пасьпелі вынесьці.

Мядзельскі раённы аддзел Сьледчага камітэту завёў справу па ч. 2 арт. 304 Крымінальнага кодэксу (парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі асобай, адказнай за іх выкананьне). Для вызначэньня прычыны ўзгараньня прызначаная комплексная экспэртыза.

12 траўня пры курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі стварылі камісію дзеля ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сытуацыі і аднаўленьня храму, якую ўзначаліў біскуп Аляксандар Яшэўскі.

У той жа дзень касьцёл наведаў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Ён паабяцаў падтрымку ў справе аднаўленьня базылікі і адраджэньня духоўнага жыцьця ў беларускім нацыянальным санктуарыі.

Пра фінансавы ўдзел дзяржавы ў справе аднаўленьня пакуль невядома. Раней Аляксандар Лукашэнка заклікаў не сьпяшацца і засьцярог вернікаў ад спакусы аддаць грошы «неверагодным», якія потым падзеляць іх у Польшчы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG