Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і суды 19 траўня: вырак менскай школьніцы за скаргу на пабоі, 10 сутак за Пагоню на тэлефоне

Ілюстрацыйнае фота з будынку Вярхоўнага суду
Ілюстрацыйнае фота з будынку Вярхоўнага суду

Па ўсёй Беларусі працягваюцца затрыманьні актывістаў і судовыя працэсы супраць грамадзянаў краіны. Абнаўляецца.

Школьніцу асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі» за «заведама ілжывы данос»: яна напісала заяву ў СК аб тым, што яе зьбілі міліцыянты

Суд Партызанскага раёну Менску асудзіў менскую школьніцу 2004 году нараджэньня паводле ч. 2 арт. 400 Крымінальнага кодэксу («Заведама ілжывы данос аб зьдзяйсьненьні злачынства, спалучаны са штучным стварэньнем доказаў абвінавачваньня») на 1 год 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Паводле прэс-службы Вярхоўнага суду, школьніца «4 верасьня 2020 году наўмысна зьвярнулася ў Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту з заявай аб учыненых у дачыненьні да яе злачынстваў»: яна паведаміла, што ў жніўні 2020 году ў памяшканьні ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму яе зьбілі дубінкамі невядомыя супрацоўнікі міліцыі, а таксама незаконна затрымалі і пазбавілі волі. На судзе школьніца нібыта цалкам прызнала сваю віну.

Выклікаў ДАІ, затрымалі за «Пагоню», суд арыштаваў на 10 сутак

42-гадовы Віталь Рубец 16 траўня патрапіў у аварыю і выклікаў супрацоўнікаў ДАІ. Пры афармленьні дакумэнтаў супрацоўнікі ДАІ папрасілі яго зьвязацца з працадаўцам. Мужчына дастаў тэлефон, на якім была налепка зь гербам Пагоняй. Супрацоўнікі, згодна з рапартам, папрасілі зьняць «незарэгістраваную сымболіку».

Віталь Рубец адмовіўся. Тады яго затрымалі і адвезьлі ў Першамайскае РУУС, каб скласьці пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. Абвінавацілі ў «пікетаваньні шляхам разьмяшчэньня налепкі з Пагоняй на чахле тэлефона».

Справу Віталя Рубца разгледзела судзьдзя Першамайскага раёну Менска Сьвятлана Чараповіч. Яна арыштавала менчука на 10 сутак, паведамляе «Вясна».

Затрыманым у першы дзень разгляду «справы студэнтаў» прысудзілі па 2900 рублёў штрафу

14 траўня каля суду ў Менску, дзе пачынаўся працэс у так званай «справе студэнтаў», затрымалі 14 чалавек. Частку адпусьцілі ў той жа дзень. Іх судзілі сёньня.

«Наша Ніва» паведамляе, што Савелію Дубовіку, Міры Булгакавай, Вользе Вайтовіч, Віктару Палтаржыцкаму, Кірылу Макаранку прысудзілі па 100 базавых велічынь штрафу (2900 рублёў).

Ваўкавыск

Суд Ваўкавыскага раёну прызнаў экстрэмісцкім Telegram-канал «Волковыск для жизни Чат», паведамляе прэс-служба Генэральнай пракуратуры. З такой просьбай зьвярнулася пракуратура Ваўкавыскага раёну Горадзенскай вобласьці.

Віцебск

«Віцебскай вясьне» стала вядома, што затрыманых 17 траўня ў Наваполацку экс-супрацоўніцу прадпрыемства «Нафтан» Алену Радзькову і актывіста ​Артура Сінегу падазраюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Згодна з папярэдняй інфармацыяй, яны могуць знаходзіцца ў СІЗА№ 2 Віцебску.

Ліда

Напярэдадні ў Лідзе затрымалі актывіста Сяргея Сёмуху. Магчыма, справа тычыцца абразы судзьдзі Філатава ў пасьце ў сацсетцы «Однаклассники». Цяпер мужчына знаходзіцца ў мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня.

Менск

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьне ў Менску Аляксея Баркуна і Ірыны Коневай. Прычыны і падставы на гэты момант удакладняюцца.

XS
SM
MD
LG