Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах разьбіўся вайсковы самалёт, два пілёты загінулі. Што пра іх вядома

абноўлена

Фота зь месца крушэньня самалёта
Фота зь месца крушэньня самалёта

Вайсковы самалёт упаў у прыватным сэктары ва ўсходняй частцы Баранавічаў.

Пад Баранавічамі пацярпеў крушэньне вайсковы самалёт Лідскай штурмавой авіябазы Як-130, паведамляе Міністэрства абароны Беларусі:

«Пры выкананні вучэбна-трэнавальнага палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасьць. Праявіўшы мужнасьць і гераізм, пілёты імкнуліся адвесьці самалёт ад населенага пункту. Пераканаўшыся, што траекторыя падзеньня самалёта знаходзіцца па-за жылымі дамамі, лётчыкі катапультаваліся. На жаль, абодва лётчыкі загінулі. Палёт выконвалі камандзір зьвяна вучэбна-баявой эскадрыльлі 116-й шаб (штурмавой авіябазы. — РС) маёр Нічыпарчык Андрэй Уладзімеравіч і лейтэнант Куканенка Мікіта Барысавіч — лётчык зьвяна вучэбна-баявы эскадрыллі на Як-130».

Паводле зьвестак выданьня Intex-press, здарылася аварыя вучэбнага самалёта. Самалёт узьлятаў з аэрадрома ва Ўсходнім мікрараёне Баранавічаў. На ўзьлёце ён пацярпеў катастрофу, урэзаўшыся ў прыватны дом на вуліцы Розы Люксембург. Паводле відавочцаў, разьбіўся навучальны самалет, вокны ў двух сотнях дамоў выбітыя, на месцы працуюць машыны МНС. Самалёт упаў у прыватным сэктары ва ўсходняй частцы гораду.

Як распавяла «Еўрарадыё» жыхарка Баранавічаў Ганна, якая працуе недалёка ад месца здарэньня, рыхтавалася авіяшоў да Дня горада 21-21 траўня.

«Мы з калегамі якраз выйшлі пакурыць і ўсё бачылі. Усяго 4 самалёты лёталі. Адзін пачаў віхляць, абышоў па крузе будынак нашай фірмы. Потым лётчык пачаў адводзіць самалёт. Той рэзка пайшоў уніз, і яго пачало круціць. Я яшчэ кажу калегу: „Што ён робіць?“ А потым мы пачулі стук і ўбачылі вялікія клубы дыму», — кажа Ганна.

Гараджанін Васіль, побач з домам якога ўпаў самалёт, распавёў, што адразу пабег дахаты, бо там знаходзіўся ягоны сын.

«Запчасткі, абломкі ляжаць пад вокнамі. Тры дамы пабітыя: шыбы павыбівала, фасады чорныя. Мой дом крыху наўскасяк стаіць, таму цэлы. Суседка казала, што пілёт на парашуце ляцеў. Яго зьнесла ў дом, і ён разьбіўся насьмерць аб шкло», — распавёў Васіль. Паводле яго, цяпер на месцы, куды ўпаў самалёт, глыбокая яма. Усё ачэплена, на месцы пяць пажарных.

Наступствы крушэньня ліквідаваныя сіламі МНС. Да месца здарэньня выехала камісія Міністэрства абароны на чале з намеснікам міністра абароны Беларусі па ўзбраеньні. Міністэрства абароны смуткуе разам з роднымі і блізкімі лётчыкаў і абяцае сем’ям загінулых дапамогу.

Усе мерапрыемствы, заплянаваныя ў рамках сьвята «Баранавіцкая вясна» 21-22 траўня, адмененыя. Ушанаваць памяць загінулых можна зь сёньняшняга дня ў баранавіцкім храме Жанчын-Міраносіц, паведамле Intex-Press.

Што вядома пра загінулых пілётаў

Загінулі маёр Андрэй Уладзімеравіч Нічыпарчык і лейтэнант Мікіта Барысавіч Куканенка.

Андрэй Нічыпарчык
Андрэй Нічыпарчык

Андрэй Нічыпарчык — прадстаўнік авіяцыйнай дынастыі, паведамляе Tut.by. Яго бацька Ўладзімер Леанідавіч Нічыпарчык, у 2009-м быў адзначаны мэдалём «За бездакорную службу» III ступені як намесьнік камандзіра па лётна-мэтадычнай рабоце 206-й штурмавой авіяцыйнай базы Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны.

Андрэй Нічыпарчык таксама пачынаў вайсковую кар’еру ў Лідзе, дзе праходзіў лётную практыку падчас вучобы ў Вайсковай акадэміі. Лётаць ён пачаў на самалёце Л-39, потым перайшоў на Су-25, а потым перавучыўся на Як-130 у сваіх калегаў, якія спачатку езьдзілі на навучаньне ў Маскву. Да 2016-га лётчык камандаваў авіяцыйным зьвяном 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ў Лідзе. Ён налятаў на ЯК-130 ужо больш за 100 гадзін. У 2017-м Андрэй Нічыпарчык упершыню ўдзельнічаў у паветраным парадзе ў гонар Дня незалежнасьці. Тады зьвяно, у якім ён лётаў, зьдзейсьніла пяць вылетаў. У яго засталося двое дзяцей.

Мікіта Куканенка
Мікіта Куканенка

Мікіту Куканенку было ўсяго 22 гады. Ён нарадзіўся ў Полацку, але ўсё дзяцінства праводзіў у гарадзкім пасёлку Баравуха Полацкага раёну, дзе знаходзілася вэрталётная база. Мікіта скончыў Полацкае кадэцкае вучылішча. Курс Мікіты Куканенка ў Вайсковай акадэміі быў экспэрымэнтальным. Да яго курсанты вывучалі Л-39, а Мікіта і яго аднакурсьнікі асвоілі і ЯК-130. Той самы, на якім лётаў Андрэй Нічыпарчык і на якім у свой апошні палёт адправіўся і малады пілёт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG