Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якім выпадку і ў якім фармаце магчымая рэакцыя NATO на рэпрэсіі ў Беларусі


Сьцягі дзяржаваў сябраў NATO у штаб-кватэры ў Брусэлі. Ілюстрацыйнае фота.
Сьцягі дзяржаваў сябраў NATO у штаб-кватэры ў Брусэлі. Ілюстрацыйнае фота.

«Партнэрскія адносіны NATO і Беларусі ўсё яшчэ актыўныя, яны не разарваныя», — заявіў палітычны прадстаўнік пры місіі ЗША ў NATO Пітэр Слоўн падчас віртуальнага туру для прадстаўнікоў СМІ і палітолягаў, дзе абмяркоўваліся сярод іншага ўзаемаадносіны Беларусі і Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Прапануем асноўныя тэзісы і некаторыя адказы на пытаньні Пітэра Слоўна.​

Як зьмяніліся кантакты з уладамі Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году?


— Гэта шырокае пытаньне, якая супраца цяпер магчымая зь Беларусьсю. Агулам альянс ня ўцягнуты ў бягучую палітычную размову, палітычны дыялёг. З улікам гэтага трэба адзначыць, што вялікая колькасьць краінаў, якія зьяўляюцца сябрамі альянсу ці партнэрамі, выказалі занепакоенасьць дзеяньнямі ўраду Беларусі пасьля выбараў. І самі выбары не былі свабоднымі, дэмакратычнымі і справядлівымі. З пункту гледжаньня нашага партнэрства мы зыходзім з такіх пазыцый. Партнэрскія адносіны NATO і Беларусі ўсё яшчэ актыўныя, яны не разарваныя. Ёсьць сталае пагадненьне аб супрацоўніцтве, у якім прапісаны абмежаваны набор сумесных дзеяньняў, мерапрыемстваў, але праз пандэмію многія зь іх не былі выкананыя. Пагадненьне аб партнэрстве пераглядаецца раз на некалькі гадоў з улікам сытуацыі. Я мяркую, што падчас наступнага абнаўленьня адбудзецца вельмі інтэнсіўная дыскусія паміж Беларусьсю як краінай і NATO як блёкам пра тое, якія ёсьць узаемавыгадныя аспэкты супрацоўніцтва.​

У якім выпадку і ў якім фармаце магчымая рэакцыя NATO на рэпрэсіі ў Беларусі?

— NATO мае пэўныя захады рэагаваньня. NATO публічна камэнтуе тое, што адбываецца ў Беларусі. Былі абвінавачваньні ў адрас NATO, калі Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што NATO — гэта пагроза для Беларусі, што NATO зьбірае сілы і групуе войскі ля межаў Беларусі. Гэта няпраўда. NATO не нарошчвала вайсковай прысутнасьці ля беларускай мяжы са жніўня 2020 году. Гэта не адпавядае рэальнасьці. Альянс публічна праз генэральнага сакратара агучыў гэтую пазыцыю, але ў генсакратара ёсьць паўнамоцтвы рабіць дадатковы камэнтар да таго, што гаворыць альянс. Я адкрыта і сумленна скажу, што альянс не разглядае выбары і рэпрэсіі, якія за імі надышлі, як нешта станоўчае, як мінімум.

Беларусь — партнэр NATO

— NATO мае вялікую сетку краінаў-партнэраў, і гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Гэта можа быць вайсковае супрацоўніцтва ў выглядзе ваенных і палітычных сумесных дзеяньняў ці проста палітычнага дыялёгу. З усімі партнэрамі мы выкарыстоўваем і першы, і другі канал супрацоўніцтва. Беларусь даўно зьяўляецца краінай — партнэрам NATO, і я думаю, што ва ўмовах сур’ёзных выклікаў бясьпецы, зь якімі сутыкаецца Эўропа, вельмі важна не забываць пра гэта. У залежнасьці ад розных пазыцый, якія мы можам займаць у розных пытаньнях, ёсьць пэўныя аспэкты адносінаў, якія ёсьць сэнс прасоўваць і рухаць наперад. Адзін са спосабаў, найбольш актуальны ў стасунках NATO і Беларусі, гэта ўласна кантроль у сфэры бясьпекі, гэта зьніжэньне рызыкі ненаўмысных ваенных інцыдэнтаў. І гэта падвышае ўзровень даверу, узровень калектыўных захадаў у бясьпецы, якія ўсе бакі могуць выкарыстаць у сваіх мэтах і сабе на карысьць.

Пазыцыя Беларусі падчас расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017»

Палітычны прадстаўнік пры місіі ЗША ў NATO Пітэр Слоўн.
Палітычны прадстаўнік пры місіі ЗША ў NATO Пітэр Слоўн.

— Я магу прывесьці канкрэтны прыклад, актуальны на сёньня. Чатыры гады таму я працаваў пры амбасадзе ЗША ў Беларусі і вельмі добра памятаю тую насьцярожанасьць, якая суправаджала ўдзел Беларусі ў вайсковых вучэньнях «Захад-2017». І калі я пераехаў працаваць у NATO пасьля гэтага, памятаю, што многія саюзьнікі ацанілі ступень празрыстасьці Беларусі, якая была тады праяўлена.

У нас адкрыты кантакт з усімі краінамі-партнэрамі, у Беларусі ёсьць амбасадар пры NATO, ёсьць вайсковы прадстаўнік, ёсьць пэрсанал, які працуе пры NATO ад Беларусі. Заўсёды ідзе абмеркаваньне і адкрытая дыскусія паміж партнэрскай місіяй Беларусі і супрацоўнікамі NATO.

Пазыцыя Расеі падчас расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017»


— Цяпер 2021 год. Вучэньні «Захад» праводзяцца раз на чатыры гады. Я ня ведаю, наколькі шырока абмяркоўваюцца вучэньні «Захад-2021», але гэта адна са сфэраў, дзе саюзьнікі вельмі моцна зацікаўленыя. Па вялікім рахунку, мы заклікаем Расею да большай адкрытасьці ў справе кантынгенту войскаў, якія будуць задзейнічаныя з боку Расеі. Менавіта такія просьбы мы накіроўваем у адрас ураду Расеі.

Падыход NATO у адносінах з Расеяй


— NATO узгадніла падыход у сваіх адносінах з Расеяй пасьля анэксіі Крыму. NATO не прызнае Крым часткай Расеі, гэта частка Ўкраіны. Мы захоўваем канструктыўныя адносіны з Расеяй толькі ў той частцы, дзе дзеяньні Расеі зьяўляюцца адэкватнымі. Мы ня лічым тое, што робіць Расея цяпер, сумяшчальным з гэтай мэтай. Агульны падыход у двух напрамках — абарончым і вайсковым. У NATO ёсьць пэўныя абарончыя сілы ў краінах Балтыі і ў Польшчы, а таксама на паўднёвым захадзе Эўропы, блізу Чорнага мора. Стрымліваньне і абарона — два кірункі працы з Расейскай Фэдэрацыяй. У нас ёсьць палітычныя і вайсковыя каналы для дыялёгу, яны ўсе адкрытыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG