Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогерка Вольга Такарчук расказала дэталі свайго затрыманьня і крымінальнай справы


Вольга Такарчук
Вольга Такарчук

Блогерка Вольга Такарчук на мінулым тыдні 6 гадзін правяла ў пастарунку праз надуманыя абвінавачаньні. Наперадзе ў яе суд у крымінальнай справе нібыта за абразу судзьдзі.

Дызайнэрка Вольга Такарчук, якая вядзе папулярны канал на YouTube, за апошні год чатыры разы атрымлівала штрафы паводле адміністрацыйных артыкулаў. Жанчына гадуе непаўналетніх дзяцей. Але пры гэтым на яе заведзена крымінальная справа за абразу судзьдзі, а 14 траўня жанчыну проста каля дома ў Менску забралі ў РУУС з намерам скласьці новы пратакол — за тое, што нібыта гучна мацюкалася на вуліцы. Адпусьцілі Такарчук толькі праз 6 гадзін пасьля затрыманьня, піша «Наша ніва».

Блогерка зьвязвае сваё затрыманьне з пачаткам працэсу ў «справе студэнтаў». На паседжаньне яна трапіць не змагла, але яе ўсё адно затрымалі каля дома. Міліцыянты павезьлі Вольгу ў РУУС на «прафіляктычную гутарку», пры гэтым не называліся. Ніякай увагі на сына, які заплакаў ад такой нечаканасьці, міліцыянты не зьвярнулі.

У пастарунку Такарчук перакідалі з кабінэту ў кабінэт і ніхто не хацеў браць на сябе адказнасьць за складаньне пратаколу. Мужу пры гэтым у Першамайскім РУУС сказалі, што ягонай жонкі ў іх няма. У выніку, паводле ўсё ж такі складзенага пратаколу, Такарчук размахвала рукамі і мацюкалася ў 13:20, хаця ў гэтыя хвіліны яна акурат была ў краме і разьлічвалася на касе. Копію пратаколу ёй не далі, сказаўшы, што «зламаліся прынтары».

Міліцыянты пыталіся, колькі Такарчук плацяць за відэа на YouTube, пры тым, што ў яе нават не адкрытыя данаты на канале, а з рэклямы перападае зусім ня шмат. Крыніца даходу — яе заробак як ІП-дызайнэркі і заработная плата мужа ў краме.

Блогерка радая, што ў сям’і і атачэньні ў яе поўная згода, паколькі муж яе цалкам падтрымлівае, а ў клясе старэйшага сына Мацьвея большасьць бацькоў галасавала за альтэрнатыўных кандыдатаў. Да сям’і ўжо прыходзілі дадому псыхоляг са школы і супрацоўніца дзіцячага садка, аглядалі кватэру, аднак, па словах Вольгі, у іх дома «няма да чаго дачапіцца».

Суд у крымінальнай справе супраць Такарчук за абразу дзейнасьці судзьдзі ў камэнтарах на YouTube яшчэ наперадзе. Зьяжджаць зь Беларусі жанчына не зьбіраецца, бо хоча сустрэць перамогу ў сваёй краіне пасьля доўгага змаганьня.

«Я ніколі не пазыцыянавала сябе як блогер. Я ўлезла ў гэтую барацьбу са зьяўленьнем Сяргея Ціханоўскага. Да гэтага, як і большая частка насельніцтва, сядзела на кухні, і мне было ўсё адно, што адбываецца навокал. А пасьля я зразумела, што не хачу пакідаць дзецям у спадчыну разбураную і бедную краіну. Гэта матывуе мяне змагацца. Я тупіла шмат гадоў, але асэнсавала сувязь паміж дзеяньнямі ўлады і дабрабытам насельніцтва. Урэшце, я грамадзянка сваёй краіны і не разумею, чаму мушу кудысьці ўцякаць».

Такарчук адзначае, што яе жыцьцё павярнулася на 180 градусаў пасьля ўсіх падзей. Зьявіліся новыя сябры, знаёмствы зь цікавымі людзьмі, блогерамі, а людзі са «старога жыцьця», наадварот, адсеяліся, бо ёй «ня хочацца падтрымліваць сувязь з тымі, хто жыве адным днём і не імкнецца да лепшага».

Цяпер Вольга вельмі чакае, калі на волю выйдуць Сяргей Ціханоўскі, Павал Сьпірын, іншыя палітзьняволеныя.

«Разам мы зможам рабіць крутыя праекты на YouTube без цэнзуры. Гэта будзе зусім іншая, новая, свабодная Беларусь», — лічыць Такарчук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG