Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве судзяць хакера, які пагражаў тэрактамі ад імя блогераў


Андрэй Захарэвіч
Андрэй Захарэвіч

Паводле абвінавачаньня, 31-гадовы жыхар Калінкавіч Андрэй Захарэвіч у 2019–2020 гадах рассылаў ілжывыя паведамленьні пра мінаваньне органаў дзяржаўнага кіраваньня, судоў, сілавых ведамстваў, адукацыі, а таксама ілжывыя даносы аб учыненьні цяжкіх злачынстваў. Заяўнікамі Захарэвіч рабіў блогераў і грамадзкіх актывістаў, а «актамі тэрарызму» патрабаваў адстаўкі, у тым ліку Лукашэнкі.

Крымінальную справу разглядаюць у Магілёўскім абласным судзе пад старшынствам судзьдзі Сяргея Мазурава. Акрамя пагроз учыняць акты тэрарызму і ілжывых даносаў, Захарэвіча вінавацяць у камэрцыйным шпіянажы, несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі ды падрыхтоўцы злачынства. Захарэвіч нібыта хацеў, каб у Казахстане за грошы пакалечылі мясцовага жыхара.

Андрэю Захарэвічу, сярод іншага, інкрымінавана перашкода палітычнай дзейнасьці, запалохваньне насельніцтва і дэстабілізацыя грамадзкага парадку. Віну ва ўчыненых злачынствах падсудны прызнае і раскайваецца.

Ілжывыя паведамленьні аб актах тэрарызму ад імя Ціханоўскага, Павука, Цыгановіча

У матэрыялах справы два дзясяткі эпізодаў злачыннай дзейнасьці Андрэя Захарэвіча. Большасьць зь іх складаюць паведамленьні аб небясьпецы і актах тэрарызму. Іх падсудны рассылаў ад імя блогераў і грамадзкіх актывістаў з Гомельшчыны, якія, як вынікала зь ягоных тлумачэньняў, выбіраліся ім «заяўнікамі», бо былі нязгодныя з палітыкай дзейнай улады, і іхную дзейнасьць ён лічыў дэструктыўнай. У матэрыялах справы згадваюцца Сяргей Ціханоўскі, Андрэй Павук, Уладзімер Цыгановіч, Юры Ганцэвіч, Арцём Шапараў.

Фота судовай абвесткі з інкрымінаванымі Захарэвічу злачынствамі
Фота судовай абвесткі з інкрымінаванымі Захарэвічу злачынствамі

Ад імя Ціханоўскага абвінавачаны ў сакавіку 2020 году паведаміў на сайт Міністэрства надзвычайных сытуацый пра мінаваньне Гомельскага абласнога суду, патрабуючы адстаўкі прэзыдэнта і вызваленьня калінкавіцкага блогера Віталя Манько. Ад імя блогера Цыгановіча ў красавіку 2020 году падсудны пагражаў узарваць чыгуначны вакзал у Менску. Ад імя Андрэя Павука данёс у міліцыю, што той нібыта забіў сваю жонку і ейнага каханка.

У адным з чатаў Захарэвіч пісаў, што разьлічвае атрымаць якую-небудзь пасаду, калі на прэзыдэнцкіх выбарах пераможа апазыцыя.

Назьбіраў рэквізыты больш як 243 тысяч картак

Паводле матэрыялаў справы, Андрэй Захарэвіч пачаў сваю злачынную дзейнасьць у 2014 годзе з камэрцыйнага шпіянажу. Ён несанкцыянавана, з дапамогай адмысловых праграмаў, атрымліваў доступ да банкаўскіх картак на недастаткова абароненых сайтах.

Захарэвіч на працэсе на закратаванай лаве падсудных
Захарэвіч на працэсе на закратаванай лаве падсудных

Па словах абвінавачанага, спачатку мэты ўзбагаціцца ў яго не было: цікавіў сам працэс. З 2017-га стаў атрымліваць ад такой дзейнасьці даход. Зь цягам часу назьбіраў рэквізыты больш як 243 тысяч картак людзей з 114 краінаў. Пэрсанальныя дадзеныя прадаваў.

У абвінавачаньні гаворыцца, што Захарэвіч хацеў, каб неўстаноўленыя асобы нанесьлі грамадзяніну Казахстана цяжкія цялесныя пашкоджаньні. Для гэтага ён пералічыў ім 14 тысяч рублёў. Падсудны ўдакладніў, што да замежніка меў асабістую непрыязь, бо той падмануў яго. Узяў грошы, але ня выканаў абяцаных будаўнічых работаў. Захарэвіч сказаў, што гэтае злачынства тыя, каго ён прасіў, на ягоную думку, «не зьбіраліся ўчыняць». Ягонага крыўдзіцеля ў Казахстане яны нібыта не адшукалі.

Як затрымалі Захарэвіча

Андрэя Захарэвіча затрымалі ў ліпені 2020 году. Як вынікала з афіцыйных камэнтароў, шукалі «электроннага тэрарыста» больш за год. У траўні 2019-га на сайт Сьледчага камітэту было даслана паведамленьне пра мінаваньне адміністрацыі Мазырскага раёну з патрабаваньнем зьняць з пасады кіраўніка. Праз чатыры дні невядомы пагражаў узарваць Мазырскі раённы суд. Тады затрымалі некалькі чалавек, але яны, як высьветлілася, былі не вінаватыя. Пазьней апэратыўнікі выкрылі беспрацоўнага жыхара Калінкавіч Андрэя Захарэвіча.

На пяці электронных кашальках Захарэвіча было выяўлена больш за 420 біткойнаў, што складала на ліпень 2020 году больш за 3 мільёны 800 тысяч даляраў ЗША.

Судовы працэс працягнецца 20 траўня.

Для падрыхтоўкі матэрыялу выкарыстаныя зьвесткі з публікацыяў інтэрнэт-выданьня «6tv.by Магілёўскі рэгіён»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG