Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маюцца прыкметы масавай акцыі». Як судзілі ўдзельнікаў роварнай гонкі Toure de Tsna, якая так і не адбылася


Раварыстка ў Менску. Архіўнае фота.
Раварыстка ў Менску. Архіўнае фота.

17 траўня асудзілі дзесяцёх раварыстаў, якія вырашылі адкрыць сэзон на Цнянскім вадасховішчы ў Менску.

Усе ўдзельнікі арыштаваныя на 10-15 сутак паводле арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Справы раварыстаў разглядалі судзьдзі Савецкага раёну Менску Алена Жуковіч і Сяргей Шаціла.

Усе раварысты пацьвярджалі паказаньні адзін аднаго: зьбіраліся адкрыць веласэзон, праінфармавалі ўдзельнікаў праз групу ў сацсетках, на Цнянскім вадасховішчы ня ўдзельнічалі ў масавых мерапрыемствах, лёзунгаў не выкрыквалі і сымболікі пры сабе не было.

Сьведка-міліцыянт на судзе сьцьвярджаў што нёс службу каля Цнянскага вадасховішча і ўбачыў масавае мерапрыемства на адлегласьці 10 мэтраў. Асабіста чуў, як выкрыквалі лёзунгі. Аднак на кожным судзе паказаньні сьведкі былі супярэчлівыя, а апісаць затрыманых ня мог.

18-гадовы студэнт БНТУ Мацьвей Лазар у пратаколе быў пазначаны алоўкам як арганізатар. У вопісе ягоных рэчаў быў толькі ровар, але адсутнічае заплечнік з прызамі для гонкі і сэртыфікатамі для пераможцаў.

24-гадовы Уладзіслаў Кутас на судзе заявіў, што ўсяго затрымалі 24 раварысты. Некаторыя зь іх цяпер знаходзяцца ў 6-мясцовай камэры сярод 18 чалавек.

Па словах 22-гадовага Георгія Гашко, супрацоўнікі АМАПу, якія атачылі раварыстаў, агучылі прычыну затрыманьня: «Маюцца прыкметы масавага мерапрыемства».

Па рашэньні судзьдзі Сяргея Шацілы былі арыштаваныя:

  • 28-гадовы Аляксей Матусевіч — 11 сутак;
  • 28-гадовы Дзяніс Парамонаў — 13 сутак;
  • 24-гадовы Уладзіслаў Кутас — 12 сутак;
  • 18-гадовы Мацьвей Лазар — 15 сутак;
  • 20-гадовы Бахціяр Муратаў — 11 сутак;
  • 18-гадовы Раман Лапіч — 12 сутак.

Аленай Жуковіч асуджаныя:

  • 22-гадовы Георгій Гашко — 11 сутак;
  • 21-гадовы Міхаіл Кушнер — 10 сутак;
  • 25-гадовы Дзяніс Рудкоўскі — 11 сутак;
  • 25-гадовы Артур Чумак — 10 сутак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG