Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне Дзень памяці ахвяраў рэпрэсіяў. Падабенства і адрозьненьне Курапатаў пад Менскам і Быкаўні пад Кіевам


На ўваходзе ў мэмарыял «Быкаўнянскія магілы» разьмешчаны камень, на якім выбіта: «Найкаштоўнейшае ў вас — воля. Мы аплацілі яе сваім жыцьцём»

Штогод у трэцюю нядзелю траўня Ўкраіна адзначае Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі ўшанаваў рэпрэсаваных украінцаў у Быкаўнянскім лесе — аналягу беларускіх Курапатаў.

«Таталітарная сыстэма выкарыстоўвала барбарскія мэтады пакараньня сьмерцю, зьнішчаючы тысячы лёсаў і ператвараючы тысячы людзей у лягерны пыл. Сумнавядомы сымбаль гэтых злачынстваў — Быкаўнянскі лес на ўскрайку Кіеву. На працягу 1937-1941 гадоў ён быў месцам тайнага пахаваньня ахвяр палітычных рэпрэсій, закатаваных і расстраляных органамі НКУС у кіеўскіх турмах».

У нядзелю на ўваходзе ў Нацыянальны гісторыка-мэмарыяльны запаведнік «Быкаўнянскія магілы» прынесьлі кошык з кветкамі ад прэзыдэнта Ўкраіны. Кветкі таксама ўсклалі да брацкай магілы і памятнага знака польскіх пахаваньняў на тэрыторыі мэмарыялу.

Быкаўнянскае пахаваньне ахвяр сталінскага тэрору — самае вялікае ва Ўкраіне. На працягу 1937-1941 гадоў грузавікі GaZ-AA, вядомыя ў народзе як «палутаркі», амаль кожную ноч прывозілі целы расстраляных у турмах НКУС у Кіеве для тайнага пахаваньня ў Быкаўнянскім лесе.

Мэмарыялы ахвярам сталінізму ў Быкаўні і Курапатах: падабенства і адрозьненьні

  • Ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, увага да месцаў магчымых масавых пахаваньняў ахвяраў НКВД узмацнілася ў часе савецкай «перабудовы». Менавіта дзякуючы грамадзкай ініцыятыве ў 1989 годзе ў Быкаўнянскім лесе пад Кіевам пачалі праводзіць раскопкі. І тады ж — у Курапатах пад Менскам.
  • Паводле гісторыкаў, у Быкаўнянскім лесе пахавана да 100 000 чалавек, забітых савецкімі ўладамі. Паводле вынікаў першага ў Беларусі сьледзтва, якое праводзілася ў 1988 годзе, колькасьць ахвяраў сягала 30 тысяч чалавек. У сярэдзіне 90-х, у часе паўторнага сьледзтва, маштабы зьменшылі да 7 тысяч асобаў.
  • У Быкаўнянскіх лясах толькі хавалі, а не расстрэльвалі, як у Курапатах.
  • Ва Ўкраіне ў жніўні 1994 году новаабраны прэзыдэнт Леанід Кучма ініцыяваў узьвядзеньне мэмарыяльнага комплексу на тэрыторыі Быкаўні, які ўжо праз год быў адкрыты. У Беларусі народны мэмарыял у Курапатах паўстаў выключна стараньнямі грамадзтва, часам насуперак імкненьням і крокам дзяржавы.
  • У Быкаўні ідэнтыфікавалі 14 тысяч ахвяраў, у Курапатах вядомыя імёны толькі адзінак.
  • Штогод у трэцюю нядзелю траўня ў Быкаўні адбываюцца афіцыйныя памятныя імпрэзы, у якіх бяруць удзел кіраўнікі ўсіх органаў улады Ўкраіны, у тым ліку прэзыдэнт, а таксама прадстаўнікі дыпляматычных прадстаўніцтваў. Кіраўнік Беларусі ніколі ня быў у Курапатах, пра што сам расказваў у інтэрвію.
  • У Беларусі ў ахоўнай зоне Курапатаў пабудавалі рэстарацыю «Поедем поедим». Актывісты тры гады пікетавалі рэстарацыю, але ўвесну 2021, калі ўдзельнікаў «Курапацкай варты» арыштавалі, вырашылі спыніць акцыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG