Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Коммерсант»: Лукашэнка зноў зьбіраецца ў Маскву пад канец траўня


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў канцы траўня наведае Расею.

Пра гэта выданьню «Коммерсант» паведамілі крыніцы ў Маскве і Менску.

Заплянаваны візыт — трэці з пачатку гэтага году. Першая сустрэча адбылася 22 лютага ў Сочы, а другая — 22 красавіка ў Маскве.

Як і ў першых двух выпадках, перамовы Лукашэнкі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным пройдуць сам-насам. Суразмоўцы «Коммерсант» зьвязваюць частату сустрэчаў Лукашэнка-Пуцін з тым, што Расея і Беларусь маюць намер да восені завяршыць працу над усімі «дарожнымі мапамі» інтэграцыі, якія, як высьветлілася, цяпер называюцца «саюзнымі праграмамі».

Крыніца, блізкая да Крамля, у гутарцы з «Коммерсант» пацьвердзіла, што перамовы адбудуцца «да канца месяца», патлумачыўшы, што іх дакладную дату не апублікуюць, «каб, калі ўсё зрушыцца, ніхто не спэкуляваў з нагоды таго, што паміж прэзыдэнтамі прабегла чорная кошка». Пакуль незразумела, ці будзе месцам сустрэчы Масква ці іншы расейскі горад.

Адзін з суразмоўцаў «Коммерсант», які прадстаўляе беларускі бок, сказаў, што прэзыдэнты шукаюць рашэньне праблем, якія ня могуць разблытаць урады дзьвюх краін. Гаворка ідзе пра працу над плянам, які з 2019 году называецца «Праграмай дзеяньняў Беларусі і РФ па рэалізацыі палажэньняў дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы». Цяпер бакі працуюць над 28 саюзнымі праграмамі.

З 28 праграм — 26 у поўнай гатоўнасьці і нават парафаваныя профільнымі міністрамі, дадаў суразмоўца. Праца працягваецца над двума самымі складанымі саюзнымі праграмамі — падаткова-мытнай і нафтагазавай.

Паводле нафтагазавай саюзнай праграмы, як сказалі дзьве крыніцы «Коммерсанта», бакі абмяркоўваюць, з якога году цана на газ для Беларусі будзе на ўзроўні цаны для Смаленску. Таксама ў цэнтры ўвагі тэма кампэнсацыі падатковага манэўру ў нафтавай сфэры. Цяпер Менск купляе расейскі газ па цане $128,5 за 1 тыс. кубамэтраў і хацеў бы яе зьніжэньня да $100 за 1 тыс. кубамэтраў з 1 студзеня 2022 года — да заплянаванай на 2024 год уніфікацыі мытных і падатковых сыстэм.

Пазыцыя расейскага боку, адзначае «Коммерсант», заключаецца ў тым, каб чарговасьць была іншай — спачатку ўніфікацыя, а потым зьніжка. У якасьці кампрамісу магчымая сынхранізацыя двух працэсаў. «Мы гатовыя зьніжаць, але паралельна з уніфікацыяй», — адзначае суразмоўца «Коммерсанта» з расейскага боку, знаёмы з ходам перамоваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG