Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістку Капітонаву, якая асьвятляла акцыю жанчын у белым ля Камароўкі, арыштавалі на 10 сутак


Тацяна Капітонава
Тацяна Капітонава

Журналістку затрымалі 13 траўня падчас канфэрэнцыі Emerge у менскім каворкінгу Startup Family. У перапынку Тацяна выйшла на вуліцу з офіса на Нямізе, да яе падышлі чацьвёра сілавікоў, затрымалі і павезьлі ў Савецкае РУУС, адтуль — на Акрэсьціна. 

14 траўня ў судзе Савецкага раёну справу журналісткі разгледзела судзьдзя Алена Жуковіч. Працэс пачаўся са спазьненьнем — Тацяна знаходзілася ў калідоры ІЧУ на Акрэсьціна, сувязь праз скайп была дрэнная, таму яе перамяшчалі ў іншае месца. Справу разглядалі ў кабінэце судзьдзі, туды пусьцілі толькі маці і брата Тацяны.

Тацяну абвінавацілі ва «ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі» (ч.1 арт. 24.23 КаАП): у тым, што яна нібыта ўскладала кветкі каля Камароўскага рынку, дзе ў гэты час праходзіла акцыя «Жанчыны ў белым». Сьведка Бельскі, які знаходзіўся на Акрэсьціна побач з Капітонавай, настойваў, што Тацяна нібыта ўскладала кветкі на прыступкі Камароўкі — яна была нібыта ў чорнай масцы і акулярах.

Журналістка пацьвердзіла суду, што была каля Камароўкі, але віны не прызнала, бо, па яе словах, нічога не ўскладала.

Судзьдзя Алена Жуковіч запыталася ў Капітонавай, ці не падалося ёй дзіўным, што да Камароўкі прыйшлі дзяўчаты ў белым і ўскладалі кветкі. «Што цікавага і пазнавальнага ў гэтым? Які пасыл несьлі вашы фота?» — спытала судзьдзя. Тацяна адказала, што лічыць акцыю прыгожай і сымбалічнай — 9 месяцаў таму да Камароўкі таксама выходзілі дзяўчаты ў белым.

Адвакатка назвала шэраг працэсуальных парушэньняў і настойвала, каб адміністрацыйную справу спынілі.

«Сьведка чамусьці знаходзіцца ў адным памяшканьні з падсуднай падчас судовага працэсу, але гэта грубае парушэньне, гэта забаронена законам. Матэрыяламі справы не ўстаноўлена, чаму Капітонава была затрымана на наступны дзень. Якім чынам ідэнтыфікавалася Капітонава і якое дачыненьне яна мела да акцыі, незразумела. Сьведка Бельскі блытаецца ў паказаньнях. Ніводнай дзяўчыны ў чорнай масцы там не было, хоць ён казаў раней, што Капітонава была ў акулярах і чорнай масцы», — заўважае адвакат.

Судзьдзя Алена Жуковіч па выніках разгляду справы прысудзіла Тацяне Капітонавай 10 сутак арышту па частцы 1 артыкула 24.23.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі ў Беларусі цяпер16 прадстаўнікоў мэдыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG