Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 14 траўня: 15 «сутак» хвораму на рак за тапак, штраф пэнсіянэру за паркан «няправільнага» колеру

абноўлена

Суд у Менску. Ілюстратыўнае фота.
Суд у Менску. Ілюстратыўнае фота.

Сілавікі і суды працягваюць перасьлед за пратэсты. Свабода сочыць за арыштамі, ператрусамі і судовымі рашэньнямі ў адміністрацыйных справах.

Пэнсіянэра МУС пакаралі буйным штраф за чырвоную паласу на цагляным плоце

Адміністрацыйная камісія Гомельскага райвыканкаму пакарала пэнсіянэра МУС Міхаіла Русака штрафам 435 рублёў за чырвоную паласу на белым цагляным плоце.

Пакараньне было прызначанае па артыкуле 22.9 КаАП «парушэньне архітэктурнага рашэньня фасаду будынку ці збудаваньня»

У сакавіку домаўладаньне Міхаіла Русака ўжо аглядала міліцыя – па даручэньні пракуратуры. І спыніла адміністрацыйную справу. Цяпер жа пэнсіянэр атрымаў максымальны штраф па гэтаму артыкулу 22.9.

Віна Міхаіла ў тым, што ён «самавольна перафарбаваў фасад дому і агароджу ў незарэгістраваную сымболіку (бел-чырвона-белыя сьцягі)».

«Я зьвяртаўся ў міліцыю з заявай. Прасіў патлумачыць на падставе законаў: у які колер і калі я маю права фарбаваць свой плот? Адказу мне так і не далі. Пратакол іх – ілжывы. Я не фарбаваў плот у белы колер. Гэта белая цэгла. Я жыву ў прыватным доме. Няма такой працэдуры і закону – пытацца дазволу, у які колер і калі фарбаваць дзьверы, дом ці плот. У маёй вёсцы шмат занядбаных дамоў. Але ўвагу ўлады зьвяртаюць толькі на колер майго плоту», – пракамэнтаваў Міхаіл Русак.

11 сьнежня адміністрацыйная камісія Гомельскага райвыканкаму пакарала пэнсіянэра МУС Міхаіла Русака штрафам у 405 рублёў (15 базавых велічыняў) за тое, што ён «не падтрымліваў у належным стане знадворны выгляд жылога дому». Тады пакараньне тычылася бел-чырвона-белага сьцягу.

«Для мяне бел-чырвона-белы сьцяг – гэта сымбаль Хрыста, чысьціні і пралітай Хрыстом крыві за нас», – кажа Міхаіл.

Затрыманую ўчора журналістку Тацяну Капітонаву арыштавалі на 10 сутак

Тацяну Капітонаву затрымалі 13 траўня, калі яна здымала канфэрэнцыю Emerge ў каворкінгу Startup. У Савецкім РУУС Менску на фотакарэспандэнтку склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі ва ўскладаньні кветак каля Камароўкі.

14 траўня ў судзе Савецкага раёну справу журналісткі разгледзела судзьдзя Алена Жуковіч. Тацяна пацьвердзіла суду, што была каля Камароўкі, але віну не прызнала, бо, па яе словах, нічога не ўскладала.

Судзьдзя Жуковіч пакарала Тацяну Капітонаву арыштам у 10 сутак.

Менчука асудзілі на 15 дзён арышту за ружовы тапак зь белай паласой

Як піша Праваабарончы цэнтар «Вясна», ён чакае апэрацыі ў РНПЦ анкалёгіі.

Вячаслава затрымалі 12 траўня ў ягоным доме. На мужчыну склалі адразу два пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП: за «пікетаваньне шляхам разьмяшчэньня тапка ў БЧБ-расфарбоўцы на парковачнай паласе аўтамабіля» і за разьмяшчэньне бел-чырвона-белага сьцяга з выявай герба «Пагоня» на акне.

Па словах Вячаслава, тапак першапачаткова быў ружовага колеру, але дзеля сьмеху ён вырашыў намаляваць на ім белую паласу. Мужчына патлумачыў, што тапак прымацаваў на машыну каля году таму, каб ня біцца нагой. А сьцяг Вячаслаў зьняў з акна ўжо даўно і павесіў яго на сьцяне ўнутры дома, таму на акне нічога не вісела.

Менчук папрасіў судзьдзю Кропачава не караць яго арыштам, бо ён цяпер праходзіць падрыхтоўку да апэрацыі ў РНПЦ анкалёгіі. Але судзьдзя пакараў арыштам. Паводле рашэньня суду, тапак і сьцяг зьнішчаць.

У Менску каля суду, дзе пачаўся працэс на студэнтамі, затрымалі Анатоля Лябедзку

Пра гэта паведаміў актывіст АГП Анатоль Красачка. За імі ішоў «ціхар» ад Кастрычніцкага суду. Калі яны паспрабавалі ад яго адарвацца, ціхар пабег за імі, а напярэймы выехаў сіні мікрааўтобус з амапаўцамі, у які пасадзілі Анатоля Лябедзьку.

У Менску дваіх чалавек асудзілі за сардэчка, кулак і вікторыю

Дзьмітры Таратун і Дзіяна Казак. Фотакаляж з сацыяльных сетак
Дзьмітры Таратун і Дзіяна Казак. Фотакаляж з сацыяльных сетак

У судзе Партызанскага раёну за малюнкі сымбаляў выбарчай кампаніі асудзілі 37-гадовага Дзьмітрыя Таратуна і ягоную 23-гадовую знаёмую Дзіяну Казак, паведаміла «Вясна».

У лютым яны намалявалі на падстанцыі сымбалі жаночага трыё Ціханоўскай, Калесьнікавай і Цапкала — сэрца, кулак і жэст Victory.

Дзяржабвінаўца Вароніч заявіла, што «Таратун і Казак супрацьпаставілі сябе каштоўнасьцям і інтарэсам грамадзтва і дэманстравалі сваю ўсёдазволенасьць».

Мінэнэрга ацаніла страты ў 32 рублі 90 капеек.

Дзьмітры Таратун заявіў, што яго пабілі пасьля затрыманьня. На гэта яму адказалі, што складу злачынства ў дзеяньнях сілавікоў ня выявілі.

14 траўня судзьдзя Натальля Дзядкова пакарала Дзьмітрыя Таратуна трыма гадамі «хіміі», а Дзіяну Казак — паўтара гадамі «хатняй хіміі».

Трох берасьцейцаў асудзілі на «хімію» і «хатнюю хімію» за надпісы на прыпынках

Суд прызнаў Генадзя Астаповіча, Віктара Каліноўскага і Данілу Кандрацкага вінаватымі ў злосным хуліганстве: нібыта яны нанесьлі надпісы на некалькіх прыпынках і гандлёвым кіёску ў Берасьці, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Агульная сума шкоды — крыху больш за 350 рублёў. Непаўналетні Даніла Кандрацкі, які віну не прызнаў, атрымаў 1,5 года «хатняй хіміі», а Генадзь Астаповіч і Віктар Каліноўскі — якія прызналі і пакрылі нанесеную шкоду ў поўным аб’ёме — 2 гады «хіміі» і 2,5 года «хатняй хіміі» адпаведна.

Затрыманьні гаспадара аграсядзібы і сябра прафсаюзу РЭП


Увечары ў пятніцу АМАП затрымаў Віталя Карабача, гаспадара аграсядзібы ў вёсцы Пескі Горадзенскай вобласьці. Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміў ягоны сябра, гарадзенскі актывіст Ежы Грыгенча.

У Берасьці затрымалі сябра прафсаюзу РЭП Аляксандр Сахарук, паведамляе Белсат. Ён пасьпеў сказаць сябрам, што затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў Ленінскім РАУС Берасьця. Аляксандр Сахарук – вядомы грамадскі актывіст, ветэран-афганец.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG