Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Будславе шукаюць валянтэраў, гатовых працаваць на аднаўленьні касьцёла за мінімальную плату


Касьцёл у Будславе, тушэньне пажару, 11 траўня 2021 году.
Касьцёл у Будславе, тушэньне пажару, 11 траўня 2021 году.

Што адбываецца ў касьцёле ў Будславе на трэці дзень пасьля пажару.

13 траўня на тэрыторыі касьцёла ў Будславе пачалі працу альпіністы. Напярэдадні Сьледчы камітэт дазволіў пачаць рамонт звонку будынка, пра гэта Tut.by расказаў экскурсавод і валянтэр Яўген Апанасевіч. На аднаўленьне храму на гэты момант беларусы сабралі каля 170 тысяч рублёў.

Заходзіць унутр касьцёла па-ранейшаму нельга. Забарона, як кажа Яўген Апанасевіч, будзе дзейнічаць мінімум да таго моманту, пакуль будынак уважліва не абсьледуюць.

«Купал быў дасьледаваны гадоў 15–20 таму, ёсьць усе дакумэнты. Цяпер іх трэба параўнаць са станам купала пасьля пажару. Расколіны, якія мы бачым, былі і раней, пытаньне, „разрасьліся“ яны ці не, — кажа Яўген. — Тэарэтычна магчымасьць абвалу купала застаецца».

Аднак Сьледчы камітэт ужо дазволіў спэцыялістам працаваць на вышыні — над купалам і скляпеньнямі. Займацца гэтым могуць толькі тыя, хто мае спэцыяльныя допускі. Учора два альпіністы прыступілі да працы.

«Заўтра плянуецца прыезд яшчэ некалькіх брыгад, якія будуць расчышчаць дах, — кажа Яўген Апанасевіч і дадае, што па-ранейшаму ідзе пошук альпіністаў-валянтэраў ці тых, хто гатовы працаваць за мінімальную плату над аднаўленьнем сьвятыні. — Цяпер пэрымэтар касьцёла агароджаны, да яго нельга падыходзіць. У бліжэйшыя дні, як дазволіць надвор’е, якое пакуль ня вельмі спрыяе, скончым працы наверсе. Пасьля гэтага нам спатрэбяцца валянтэры для расчысткі сьмецьця на зямлі».

Дапамога валянтэраў будзе патрэбная на наступным тыдні.

«Ахвотных шмат, але прыяжджаць трэба тады, калі будзе праца. Мы просім усіх сачыць за нашым тэлеграм-каналам „Адновім Будслаў разам!“. Там зьяўляецца ўся неабходная інфармацыя», — кажа Яўген.

А што з арганамі?

«Арганы моцна не пацярпелі, — удакладняе Яўген. — Учора прыяжджаў майстар Аляксандар Бурдзялёў, займаўся праслухоўваньнем».

У сваім Facebook Аляксандар напісаў: «На гэты момант ня выяўлена значнай шкоды ад пажару для будслаўскіх арганаў (21/II Nicolaus Jantzon, 1783). Арганы не пацярпелі ад высокай тэмпэратуры, вугольле, якое на іх падала, было патушана без разьвіцьця ўзгараньня, крытычнага заліцьця вадой важных мэханізмаў ня выяўлена».

«Аднак пакуль няясна, як будуць паводзіць сябе арганы, калі высахнуць», — удакладняе Яўген.

Фэст усё адно будзе

Нягледзячы на пажар, 2 і 3 ліпеня тут пройдзе Будслаўскі фэст, фармат якога не мяняецца.

«Многія пытаюцца: ці пасьпееце вы ўсё зрабіць да фэсту. Адкажу так: добра, калі накрыць касьцёл мы пасьпеем да зімы, бо месяца два пойдзе на папярэднія праекты, яшчэ 3–5 месяцаў — на сам праект, потым — рэалізацыя работ, — пералічвае суразмоўца. — Зараз, калі мы прыбяром сьмецьце, будзем думаць аб часовым накрыцьці купала і прасторы над арганамі».

Паралельна з працамі ў Будславе неабыякавыя людзі працягваюць пералічваць грошы на падтрымку касьцёла. За два дні сабрана ўжо каля 170 тысяч рублёў.

«Грошай сабрана нямала, але калі пачнецца рэстаўрацыя ўнутры, спатрэбяцца значныя сумы, таму зараз мы стараемся эканоміць або па мінімуме расходаваць сабранае. У сувязі з гэтым для выкананьня работ мы і шукаем валянтэраў», — удакладняе Яўген Апанасевіч.

Як ахвяраваць на адбудову касьцёла ў Будславе?

Ужо цяпер ахвяраваньні праз сыстэму разьлікаў АРІП можна пералічыць на банкаўскі рахунак Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ахвяраваньне можна зрабіць і на разьліковы рахунак парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Будславе:

Рэлігійная абшчына «Рымска-каталіцкі прыход Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі» аг. Будслаў Мядзельскага раёну.
222374 Менская вобл., Мядзельскі р-н, аг. Будслаў, вул. Чырвоная плошча, 8
р/с BY12BAPB30153404200100000000
у ААТ «Белаграпрамбанк», г. Менск
код банку BAPBBY2X
УНП 600195666

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG