Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальлі Хершэ не дазволілі спатканьне з братам. Вольга Класкоўская трапіла ў карцар


Вольга Класкоўская (зьлева) і Натальля Хершэ, архіўнае фота

Што з палітвязьнямі Натальляй Хершэ і Вольгай Класкоўскай, якія ў гомельскай папраўчай калёніі № 4 адмовіліся шыць форму для сілавікоў?

Натальлі Хершэ не дазволілі спатканьне з братам Генадзем Касьянам, якое плянавалася 8 траўня.

«Афіцыйна — нібыта чарга доўгая на гэтыя спатканьні, але зразумела, што гэта пакараньне за „паводзіны“», — кажа Генадзь.

Пакуль невядома, ці адгукнуліся фірмы на просьбу Натальлі замаўляць у калёніі рабочую вопратку, бо форму для сілавікоў яна шыць адмаўляецца.

Ад Натальлі Генадзь атрымаў толькі адзін ліст ад 1 траўня. Яна просіць зьвярнуцца да адваката, каб той «склаў і адаслаў заяву-пратэст на бязладзьдзе, якое творыцца з маёй поштай».

«Я атрымала ўчора адзіныя два лісты цягам тыдня... Адзін зь іх ад дзяўчыны, зь якой мы недзе перасякаліся, дык яна піша ў тысячны раз, але гэта першы атрыманы мной ліст. Няхай адвакат выкажацца выразна і ясна, бо я надзвычай абураная тым, што адбываецца, і кампрамісаў у гэтай тэме не прымаю», — піша палітзьняволеная.

Паводле Натальлі, у яе адабралі ўсе газэты.

«Яны ўвялі правіла, што сьпіс пэрыядычных выданьняў, якія можна выпісваць, будуць устанаўліваць яны. І перш чым гэта адбудзецца, атрад павінен падпісацца на 30 экзэмпляраў газэты «Трудовой путь», — піша Натальля.

Паводле Натальлі, «рэкамэндаваныя» выданьні яе не зацікавяць.

«Іншы раз да людзей, якія бяруць удзел ва ўсім гэтым бязладзьдзі, у мяне зьяўляецца спачуваньне. Людзі паднявольныя, якія ніколі ня маюць права на ўласную думку, у прафэсійныя абавязкі якіх уваходзіць беззапаветнае падпарадкаваньне рэжымнай установе. Цікава, ці дазваляюць яны сабе хаця б думаць інакш? Я проста не магу паверыць, што яны ўсе заўсёды ва ўсім згодныя. Мне іх насамрэч шкада, бо шматгадовая праца прыводзіць да глябальных зьменаў асобы. А магло ж быць усё інакш. Але досыць пра гэта. Я павінна думаць пра сябе. А я сабой задаволена ва ўсіх адносінах».

Тройчы не пусьцілі адваката

Ад 12 красавіка бацькі і дачка Вольгі Класкоўскай не атрымлівалі ад яе лістоў і тэлефанаваньняў. Да яе тройчы не пусьцілі адваката.

«Адвакат паведаміў, што асуджаная Класкоўская знаходзіцца ў карцары і з гэтай прычыны не пускаюць адваката. Ва ўпраўленьні дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Гомельскай вобласьці адвакату сказалі, што адбываньне пакараньня ў карцары не зьяўляецца падставай, каб да яе не пускалі адваката».

Потым у калёніі пачалі спасылацца на тое, што Вольга не напісала заяву, каб сустрэцца з адвакатам.

«Я адразу ж накіравала тэлеграму дачцэ і падрабязна расказала, што ёй трэба напісаць заяву і што я заключыла дамову з адвакатам. А як яна напіша заяву, калі сядзіць у карцары? Ёй патрэбна асадка і папера», — кажа Людміла.

Заўтра адвакат зноў пойдзе ў калёнію, каб дамагчыся сустрэчы з палітзьняволенай.

Маці Вольгі таксама зьвярталася да начальніка калёніі, каб ён патлумачыў, у якім стане дачка, на якой падставе ўжо месяц ад яе няма лістоў і што адбываецца зь яе здароўем, за што яе пасадзілі ў карцар. Адказу пакуль няма.

Раней Вользе забаранілі пасылкі. Апошняя пасылка, якую пасылала маці, па яе словах, вярнулася назад.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG