Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек, які пайшоў на вялікія ахвяры». Расказвае рэжысэр фільму пра стваральніка Telegram


Кадар з фільму «Дураў» Радзівона Чэпеля
Кадар з фільму «Дураў» Радзівона Чэпеля

Заснавальнік месэнджэра Telegram Павел Дураў апублікаваў 3 траўня сваю фатаграфію ў Інстаграме зь ляканічным подпісам «Вонкавы сьвет — гэта адлюстраваньне ўнутранага сьвету». Гэта яго першая публікацыя ў Інстаграме за тры гады.

Стваральнік самай папулярнай у Расеі сацсеткі, які пакінуў краіну, у адрозьненьне ад многіх калегаў па IT-цэху рэдка выступае на публіцы і не дае інтэрвію. У інтэрвію Радыё Свабода рэжысэр Радзівон Чэпель распавёў, што Дураў усё ж узяў удзел у стварэньні фільму пра сябе, хоць так і застаўся за кадрам.

— У які момант прыйшла ідэя зьняць кіно пра Дурава? Ці былі вы тады знаёмыя?

— Мы не былі знаёмыя, і мне здаецца, усе, хто знаходзіцца ў нашай прафэсіі, умоўна кажучы, расказчыкаў гісторый, хацелі б гэта зрабіць. Чым больш чалавек хаваецца, чым больш нейкая тэма сыходзіць ад увагі — тым больш хочацца да яе прыглядацца… Мы да гэтай тэмы падступаліся яшчэ ў 2013 годзе, калі быў акцыянэрны канфлікт у «ВКонтакте», Дураў выходзіў з ВК, засноўваў «Телеграм» і гэтак далей. Мы зрабілі праект «Парфёнаў». Гэта згадваецца ў фільме «Дураў», таму што тады наша журналісцкая дзейнасьць падвяла нас ушчыльную да дзейнасьці Дурава, і мы былі першымі, хто напісаў, што, падобна, Дураў больш у Расеі ня будзе працаваць. Ён усё абверг, але ў выніку аказалася, што мы мелі рацыю. (…)

— Але гэта загадзя была б гісторыя пра чалавека, які будзе прадстаўлены ў фільме толькі акторам з капюшонам на галаве. А сам герой нічога ня скажа і ня зьявіцца ў фільме, акрамя як у архіўных відэа.

— Гэта такая наша пазыцыя плюс стаўленьне да гледача: мы дамо інфармацыю, і яе ня будзе абмяжоўваць, вызначаць нейкі чалавек, хоча ён гэтага ці ня хоча. Незалежна ад ягонага жаданьня фільм бы выйшаў. І пры гэтым я — ня ён, я не магу загадзя вызначыць ступень яго ўдзелу. Я магу проста сказаць, што я зраблю сваю працу незалежна ад яго пазыцыі. Як распавядаць гісторыі людзей, якія ў кадры адсутнічаюць, любы журналіст, любы чалавек, які займаецца расказваньнем гісторый, ведае вельмі добра. (…)

— Але пры гэтым у інтэрвію ўсё ж было адмоўлена. Ці пра гэта не было размоваў наогул — пра сустрэчу пад камэру?

— Вось тут трэба падзяляць: інтэрвію было, і прагучалі ўсе пытаньні, якія я хацеў задаць Паўлу. Ён на ўсе адказаў. Але іншая рэч — ягоны ўдзел у здымках. Яму хацелася б ажыцьцяўляць камунікацыю, каб глядач нешта ведаў, але пры гэтым ён ня хоча, каб яна ўплывала на яго жыцьцё. Я мяркую, гэта можа ўплываць на яго пазнавальнасьць, што для яго важна ў пляне забесьпячэньня камфортнасьці свайго жыцьця. (…)

— Вы паказвалі фільм Дураву ўжо ў гатовым варыянце, і там гучаць розныя ацэнкі ў яго адрас. Якім ён вам здаўся ў гэты момант, калі жывому чалавеку паказваеш працу аб ім жа?

— Ён павёў сябе карэктна, і тым, як ён паводзіў сябе падчас вытворчасьці гэтага фільму, ён выклікае павагу. Працэс вытворчасьці гэтага фільму паказаў, што яму можна давяраць…

— А калі адным словам, як гэта гучала ў фільме — геній, інтэрнэт-татэм ці яшчэ хтосьці?

— Ён чалавек, які вельмі шмат чаго дамогся, але пайшоў на вялікія ахвяры. Напэўна, гэты партрэт ня складваецца з таго, што мы змаглі паказаць у фільме. Таму што мы сутыкнуліся зь вялікімі перашкодамі, немагчыма распавесьці ўсё. Добра, што змаглі распавесьці тое, што змаглі. Але вось маё адчуваньне: ёсьць вялікая цана, якую ён заплаціў за тое, каб дамагчыся таго, чаго ён дамогся. Вялікія мэты патрабуюць вялікіх ахвяраў. Па-мойму, гэта так.

Цалкам інтэрвію чытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG