Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шатляндзкая нацыянальная партыя перамагла на выбарах, настойвае на рэфэрэндуме аб незалежнасьці


Мітынг прыхільнікаў незалежнасьці Шатляндыі ў Глазга
Мітынг прыхільнікаў незалежнасьці Шатляндыі ў Глазга

SNP не хапіла толькі аднаго мандату да абсалютнай парлямэнцкай большасьці. Партыя выступае за аддзяленьне Шатляндыі ад Вялікай Брытаніі.

Шатляндзкая нацыянальная партыя (SNP) перамагла на выбарах у аднапалатны парлямэнт Шатляндыі. Партыя павялічыла свае шанцы больш актыўна ўплываць на Лёндан, каб дамагчыся правядзеньня паўторнага рэфэрэндуму аб незалежнасьці краіны ад Вялікай Брытаніі.

У суботу, 8 траўня, стала ясна, што Шатляндзкая нацыянальная партыя атрымлівае 64 мандаты з 129 у рэгіянальным заканадаўчым органе. Лідэр SNP і кіраўнік ураду Шатляндыі Нікола Стэрджэн пацьвердзіла намер настойваць на рэфэрэндуме, калі зможа заручыцца большасьцю ў нацыянальным парлямэнце.

Пры гэтым нацыяналістам не ўдалося дамагчыся абсалютнай большасьці — дзеля яе не хапіла аднаго мандату. Партыя Стэрджэн можа паспрабаваць сфармаваць парлямэнцкую кааліцыю з дэпутатамі ад партыі «Зялёных», якія атрымалі 8 мандатаў.

Брытанскі прэм’ер Борыс Джонсан раней адхіліў магчымасьць правядзеньня новага рэфэрэндуму аб незалежнасьці Шатляндыі. У інтэрвію The Daily Telegraph ён назваў падобную ініцыятыву «безадказнай і бязглуздай».

Папярэдні рэфэрэндум аб незалежнасьці Шатляндыі адбыўся ў 2014 годзе. 19 верасьня таго году ў горадзе Інглістоўн абвясьцілі канчатковыя вынікі: у падтрымку незалежнасьці прагаласавалі 1 617 989 шатляндцаў (44,7%), а супраць — 2 001 926 (55,3%). Яўка на рэфэрэндуме склала 84,51%.

Пасьля Брэксіту (выхаду Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу) размовы пра незалежнасьць атрымалі новы імпульс, і ня толькі ў Шатляндыі, але і ва Ўэльсе. Напрыклад, у Кардыфе, Суонсі і іншых валійскіх гарадах прайшлі маршы за незалежнасьць. Акрамя таго, пачаліся спрэчкі за кантроль і пошліны на мяжы Злучанага Каралеўства зь Ірляндыяй, і на іх тле размовы пра магчымасьць уваходу Паўночнай Ірляндыі ў склад Рэспублікі Ірляндыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG