Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хірурга Любецкага пакінулі пад вартай пасьля 72 гадзін папярэдняга ўтрыманьня. У чым яго вінавацяць, не паведамляюць

Андрэй Любецкі. Фота: «Наша ніва»
Андрэй Любецкі. Фота: «Наша ніва»

Вядомы сківічны хірург Андрэй Любецкі ня выйшаў на волю пасьля трох сутак зьняволеньня — гэта азначае, што ў яго больш сур’ёзная крымінальная справа.

У камэнтары для «Нашай нівы» сваякі мэдыка сказалі, што ня ведаюць, паводле якога артыкулу яго трымаюць. Што тычыцца адваката, дык ён знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні.

Падчас затрыманьня Андрэй Любецкі паведаміў жонцы, што яго падазраюць у «абразе». Але калі б гаворка шла пра артыкул 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады», яго не маглі б трымаць за кратамі больш за трое сутак.

Неадназначная сытуацыя і з артыкулам 368 КК «Абраза прэзыдэнта Беларусі». Каб інкрымінавалася першая частка — публічная абраза — пагражала б максымум трое сутак у ізалятары.

Таму ня выключана, што гаворка пра другую частку таго ж артыкулу — абраза прэзыдэнта, спалучаная з абвінавачаньнем у зьдзяйсьненьні цяжкога злачынства. Тут прадугледжана максымальнае пакараньне — 3 гады калёніі. У такім выпадку абвінавачанага могуць трымаць у СІЗА да суду.

Андрэя Любецкага затрымалі 4 траўня. Ягоная жонка і чацьвёра дзяцей пасьпелі зьехаць за мяжу.

XS
SM
MD
LG