Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ў глыбіні душы ўсьведамляюць, што тое, што яны робяць — гэта шлях у тупік, — гісторык Пашкевіч


сілавікі, лістапад 2020
сілавікі, лістапад 2020

Гісторык Алесь Пашкевіч адказвае на пытаньне, якія гістарычныя паралелі можна правесьці з сытуацыяй у сёньняшняй Беларусі, аналізуе, як беларускае грамадзтва можа адказаць на рэпрэсіі, і тлумачыць, чаму ва ўладаў не застаецца добрага выбару.

Сьцісла:

  • Неадэкватныя дзеяньні маюць на мэце пасеяць татальны страх, каб людзі палічылі, што няма бясьпечных формаў супраціву
  • Улада б’е па ўсіх, хто высоўваецца, хто нейкім чынам вылучаецца з шэрай масы
  • Няма фармальнага ўвядзеньня ваеннага становішча, але яно існуе фактычна, бо ўсе грамадзянскія правы адмененыя.
  • Улада загнаная ў кут, ёй нічога не застаецца, акрамя рэпрэсіяў, каб проста захавацца.
  • Грамадзтва, загнанае ў кут, будзе так ці іначай адбівацца.
  • Памятаючы, што за цалкам мірны пратэст была расправа, — людзі другі раз ужо будуць выходзіць як на апошні бой

— Можна назіраць, што ўлады найбольш абсурду і бязглузьдзіцы праяўляюць менавіта ў змаганьні з сымбалямі. Караюць за бел-чырвона-белую каробку на бальконе, саджаюць на суткі за шкарпэткі няправільнага колеру, перафарбоўваюць трубы. Чаму самая зацятая барацьба ідзе менавіта з сымбалямі?

— Кожная аўтарытарная ўлада змагаецца на сымбалічным полі. Бо гэтымі сымбалямі сябе абазначаюць праціўнікі ўлады, а ўлада хоча здушыць любы супраціў. Такія неадэкватныя дзеяньні маюць на мэце пасеяць татальны страх, каб людзі палічылі, што няма бясьпечных формаў супраціву. Што за любую бяскрыўдную праяву будуць хапаць. Даецца сыгнал, што лепш ніяк не праяўляць свае погляды — толькі тады вы будзеце ў бясьпецы. Улады імкнуцца да татальнага кантролю над грамадзтвам.

Алесь Пашкевіч
Алесь Пашкевіч

— Улады не даюць выдавацца ня толькі незалежным газэтам, але і дзіцячым часопісам, да якіх вы маеце дачыненьне. Тут з чым улады змагаюцца? Зь беларускай мовай, зь любой праявай культуры?

— Калі казаць канкрэтна пра нашыя дзіцячыя часопісы, то яны проста трапілі пад раздачу «за кампанію» з часопісам «Наша гісторыя». Бо гэта выдае адна і тая ж арганізацыя, гучна кажучы, «голдынг», аб’ядананы вакол сайта «Нашай Нівы». Гэтыя рэпрэсіі хутчэй мелі на мэце падарваць фінансавы стан выдаўцоў. «Наша гісторыя» мае даволі вялікі наклад, прыносіць прыбытак, а ўладам хочацца, каб усе гэтыя выданьні, якія яны лічыць непажаданымі, ледзь зводзілі канцы з канцамі.

Але вядома, што іншы чыньнік таксама мае месца: недзяржаўныя выданьні, якія маюць пазыцыю, якія выдаюцца на беларускай мове — усё гэта ўспрымаецца як пэўная ідэалягічная крамола. Улада б’е па ўсіх, хто высоўваецца, хто нейкім чынам вылучаецца з шэрай масы.

— Людзям заўсёды ўласьціва праводзіць нейкія гістарычныя паралелі, параўноўваць сытуацыю ў сваёй краіне зь іншымі. З чым вы як гісторык найперш знаходзіце падабенствы ў Беларусі 2020–21 году?

— Першае, што прыходзіць у галаву, — гэта становішча ў Польшчы на пачатку 1980-х. Быў магутны грамадзкі ўздым, актыўна дзейнічаў прафсаюз «Салідарнасьць», у яго ўваходзілі мільёны, здавалася, што камуністычныя ўлады асуджаныя. Але потым было ўведзена ваеннае становішча, адбылася замарозка грамадзтва. Публічнае нездавальненьне ўдалося з вуліц прыбраць, аднак людзі не зьмянілі свайго нэгатыўнага стаўленьня да ўладаў і чакалі свайго часу.

Таксама падабенства ў тым, што за сьпінамі тагачаснага польскага рэжыму стаяў СССР, які аказваў яму ўсялякую падтрымку.

У нас адбываецца прыблізна тое самае. Уздым скончыўся рэакцыяй, улады рэпрэсіямі загналі нездавальненьне ўнутр. Няма толькі фармальнага ўвядзеньня ваеннага становішча, але яно існуе фактычна, бо ўсе грамадзянскія правы адмененыя. І за плячыма Лукашэнкі стаіць Расея, якая не дапускае, каб пажаданы ёй рэжым быў зрынуты.

Таксама нейкія паралелі можна знайсьці зь першай паловай 1930-х гадоў, калі сталінскі рэжым умацоўваўся, калі пачаліся першыя масавыя працэсы, калі людзей сталі саджаць па турмах на выдуманых падставах. Але яшчэ каток вялікага тэрору не разгарнуўся, не было масавых расстрэлаў.

У нас цяпер таксама ўмацоўваецца таталітарны і карны рэжым, і будзем спадзявацца, што ва ўмовах сёньняшняга сьвету гэта ня можа скончыцца такім жахам, як у СССР у 1930-я гады. Але ўлады сваімі заявамі, рыторыкай паказваюць, што самі яны гатовыя разгарнуць шырокамаштабны тэрор з рэкамі крыві.

— Ну дык яны хацелі б разгарнуць тыя рэпрэсіі яшчэ ў канцы 90-х, калі пачалі зьнікаць апазыцыйныя палітыкі і калі незадаволеных было меней. Проста ва ўмовах інфармацыйнага грамадзтва, ва ўмовах непрыманьня гэтай улады большасьцю, у пэўных міжнародных абставінах гаварыць пра паўтарэньне 1930-х наўрад ці варта...

— Безумоўна, таму я і назваў гэта другой аналёгіяй, і зразумела, што поўныя паралелі тут не пасуюць. Сёньняшні беларускі рэжым не грунтуецца на нейкай трывалай ідэалёгіі, не карыстаецца падтрымкай грамадзтва — таму, безумоўна, я спадзяюся, што такіх сцэнараў удасца пазьбегнуць.

Я б не сказаў, што ўлады ў канцы 90-х ужо хацелі будаваць таталітарны рэжым. Бо тады яшчэ была падтрымка грамадзтва, быў эканамічны рост, былі магчымасьці будаваць рэжым на іншых падставах, без крайнасьцяў. Але цяпер улада загнаная ў кут, ёй нічога не застаецца, акрамя рэпрэсіяў, каб проста застацца ўладай. Цяпер самі яны гатовыя пайсьці ў тэроры і рэпрэсіях максымальна далёка. Пытаньне ў тым, наколькі гэта дазволяць унутраныя і зьнешнія чыньнікі.

— Я б узгадаў яшчэ адзін гістарычны момант. Я ў свой час прачытаў, што пасьля адносна малакроўнай буржуазнай лютаўскай 1917 году рэвалюцыі ў Расеі народ у Санкт-Пецярбургу кінуўся ўчыняць суд Лінча над гарадавымі і іншымі паліцэйскімі чынамі, дзясяткі паліцыянтаў былі забітыя. Любая рэвалюцыя становіцца тым больш жорсткай, чым больш улады супраціўляюцца пераменам. З гэтага гістарычнага гледзішча як можна ацаніць беларускую сытуацыю?

— Думаю, улады ў глыбіні душы ўсьведамляюць, што тое, што яны робяць, — гэта шлях у тупік. Грамадзтва, загнанае ў кут, будзе так ці іначай адбівацца. А зьмяніць нешта ў мазгах людзей немагчыма, бо сёньня ў Лукашэнкі няма ніякага пазытыўнага парадку дня, народная любоў ужо ня вернецца.

Што зараз адбываецца? Да катла, які кіпіць, прымацоўваецца накрыўка, якая рана ці позна выбухне. І гэта ўжо ня будзе тым мірным пратэстам, які быў у 2020 годзе. Памятаючы, што за цалкам мірны пратэст была расправа, — людзі другі раз ужо будуць выходзіць як на апошні бой. Вельмі верагодна, што гэтая накрыўка сарвецца і ўсё выйдзе зь берагоў.

Але ўлады ня могуць дзейнічаць па-іншаму, перайсьці на мякчэйшыя пазыцыі. Бо ў жніўні-верасьні 2020 году імі быў зроблены выбар на карысьць рэпрэсіяў. Тады была такая разьвілка, калі яшчэ можна было, паглядзеўшы на тое, што адбываецца, на гэтае масавае непрыманьне рэжыму — можна было пачаць мірны транзыт улады, нават паводле сваіх правілаў.

Але было прынята рашэньне зрабіць стаўку на сілу, і цяпер Лукашэнка і сілавыя структуры — проста закладнікі таго рашэньня. Столькі за гэты час наварочана, столькі зроблена злачынстваў — і цяпер не выпадае разьлічваць на тое, што можна адкруціць назад, «перагарнуць старонку». Думаю, улады адыходзіць назад ня будуць, таму можна прагназаваць, што разьвязка будзе не зусім мірная.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG