Мамедаў стаў вядомы пасьля таго, як 24 траўня 2016 году — у дзень нараджэньня прэзыдэнта Ільхама Аліева — разам з Гіяседзінам Ібрагімавым размаляваў помнік нябожчыку экс-прэзыдэнту Гейдару Аліеву, бацьку цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Актывісты напісалі на манумэнце «Далоў сыстэму!» на ангельскай мове і «Віншуем з Днём Раба!» на азэрбайджанскай, пасьля чаго выклалі адпаведныя фатаграфіі ў сацыяльныя сеткі. Празь некалькі гадзін іх затрымалі па абвінавачваньні ў захоўваньні наркотыкаў і пазьней асудзілі да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Абодва не прызналі абвінавачваньні. Мамедаў заявіў, што яго вымусілі прызнацца ў злачынстве пад катаваньнямі. Эўрапейскі суд у правах чалавека ў 2020 годзе абавязаў азэрбайджанскія ўлады выплаціць кампэнсацыю Ібрагімаву і Мамедаву за тое, што яны падвергліся неабгрунтаванаму крымінальны перасьледу і «жорсткаму абыходжаньню з мэтай атрымаць прызнаньні».
Amnesty International прызнала актывістаў вязьнямі сумленьня, назваўшы крымінальную справу супраць іх палітычна матываванай фабрыкацыяй.