Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заклікала Славенію зрабіць Беларусь прыярытэтам свайго старшынства ў Эўразьвязе


 Сьвятлана Ціханоўская сустракаецца з кіраўніком ураду Славеніі Янэзам Яншам. Любляна, 3 траўня.
Сьвятлана Ціханоўская сустракаецца з кіраўніком ураду Славеніі Янэзам Яншам. Любляна, 3 траўня.

Ціханоўская ў Любляне зьвярнула ўвагу на супрацоўніцтва некаторых славенскіх кампаній з рэжымам Лукашэнкі і зьвязанымі зь ім кашалькамі.

Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Славенію заклікала кіраўніцтва гэтай краіны паставіць Беларусь у прыярытэт свайго старшынства ў Радзе Эўразьвязу, — паведамляе яе тэлеграм-канал.

«Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Славеніі Борутам Пахорам, са сьпікерам парлямэнту Ігарам Зорчычам, а таксама кіраўнікамі асноўных палітычных партый Славеніі. На сустрэчах абмеркавалі будучыню старшынства Славеніі ў Эўразьвязе. Ціханоўская заклікала Славенію паставіць Беларусь у прыярытэт шасьцімесячнага старшынства краіны ў Радзе ЭЗ, падтрымаць максымальны ціск на рэжым з мэтай спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітзьняволеных», — гаворыцца ў паведамленьні ў телеграм-канале лідэркі беларускай апазыцыі.

Акрамя таго, абмяркоўвалася «неабходнасьць падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі на ўзроўні ЭЗ, а таксама разьвіцьцё двухбаковых адносін паміж Славеніяй і Беларуссю».

Ціханоўская «зьвярнула ўвагу на супрацоўніцтва некаторых славенскіх кампаній з рэжымам і зьвязанымі з ім кашалькамі». «Яна заклікала кампаніі ўстрымацца ад супрацоўніцтва з дзяржпрадпрыемствамі, на якіх парушаюцца працоўныя правы і якія падпадаюць пад заходнія санкцыі», — адзначаецца ў паведамленьні.

Раней на сустрэчы з Ціханоўскай прэм’ер-міністар краіны Янэз Янша заявіў, што Славенія будзе «цьвёрда падтрымліваць усе намаганьні, накіраваныя на ўмацаваньне дэмакратызацыі, павагі да вяршэнства закону і правоў чалавека ў Беларусі», заявіў 3 траўня ў Любляне на сустрэчы зь Сьвятланай Ціханоўскай, перадае БелаПАН.

Паводле інфармацыі прэс-службы ўраду Славеніі, бакі «абмяняліся думкамі пра сытуацыю ў Беларусі».

Таксама Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных спраў Славеніі Анжэ Логарам. «Сустрэча важная, таму што з 1 ліпеня 2021 году Славенія будзе старшынстваваць у Эўразьвязе», — падкрэсьліла прэс-служба Ціханоўскай.

У Беларусі пасьля сфальшаваных выбараў 9 жніўня пачаліся масавыя акцыі пратэсту. Эўразьвяз і ЗША не прызналі пераможцам гэтых выбараў Аляксандра Лукашэнку і ўвялі супраць яго і атачэньня санкцыі. Пратэстоўцы ў Беларусі патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, вызваленьня палітвязьняў і правядзеньня новых выбараў.

У пачатку красавіка Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ўключыў Сьвятлану Ціханоўскую, сябра прэзідыюму Каардынацыйнай рады беларускай апазыцыі Паўла Латушку і яшчэ 15 грамадзян Беларусі ў пералік арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG