Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радзе Эўропы спадзяюцца, што памілаваньне Косьцевых стане крокам да адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі


Браты Косьцевы ў судзе, травень 2020
Браты Косьцевы ў судзе, травень 2020

Генэральны дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Ўладзімір Варданян вітаў рашэньне Аляксандра Лукашэнкі памілаваць братоў Ільлю і Станіслава Косьцевых, перадае БелаПАН.

«Я вельмі задаволены гэтым рашэньнем, якое ёсьць другім падобным рашэньнем за 30 гадоў незалежнасьці Беларусі, калі асуджаны на сьмяротную кару быў памілаваны пасьля таго, як прысуд канчаткова ўступіў у сілу. Памілаваньне братоў Косьцевых адлюстроўвае стандарты Рады Эўропы што да абароны права на жыцьцё», — гаворыцца ў паведамленьні ПАРЭ.

На думку Варданяна, гэтае памілаваньне — крок наперад «да выключэньня сьмяротнай кары зь беларускай крымінальна-прававой сыстэмы», што дазволіць палепшыць адносіны паміж Беларусьсю і Радай Эўропы.

Ён выказаў надзею, што цяпер беларускія ўлады без прамаруджваньня ўвядуць мараторый на сьмяротнае пакараньне.

30 красавіка сваякі асуджаных на сьмяротнае пакараньне Ільлі і Станіслава Косьцевых спрабавалі перадаць ім перадачу ў СІЗА-1. Аднак дзяжурны ў іх перадачу не прыняў, сказаў, што наконт асуджаных прыйшла папера аб памілаваньні з адміністрацыі прэзыдэнта. Цяпер хлопцы знаходзяцца ўжо не пад юрысдыкцыяй СІЗА-1, а адбываюць карантын для этапаваньня ў турму № 8 у Жодзіне.

Да гэтага праваабаронцам было вядома толькі пра адзіны выпадак памілаваньня асуджанага да сьмяротнага пакараньня за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.

10 студзеня 2020 году братам, 19-гадоваму Станіславу і 21-гадоваму Ільлю Косьцевым, прысудзілі сьмяротнае пакараньне. Іх абвінавацілі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседзтве, і падпале яе дома. Прысуд аб прызначэньні вышэйшай меры пакараньня — расстрэлу — вынес судзьдзя Міхаіл Мельнікаў.

22 траўня 2020 году Вярхоўны суд не задаволіў апэляцыйную скаргу братоў Косьцевых, прысуд асуджаным пакінулі ў сіле. Пасьля гэтага родныя Ільлі і Станіслава зьвярнуліся з прашэньнем аб памілаваньні ў адміністрацыю прэзыдэнта.

4 траўня Вярхоўны суд разглядае апэляцыйную скаргу Віктара Скрундзіка, асуджанага на расстрэл за забойства двух пэнсіянэраў і замах на жанчыну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG