Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 230 гадоў першай у Эўропе канстытуцыі


Ухваленьне Канстытуцыі 3 траўня. Карціна Казімежа Вайнякоўскага
Ухваленьне Канстытуцыі 3 траўня. Карціна Казімежа Вайнякоўскага

Падзеі 3 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Даты дня

3 траўня — Міжнародны Дзень свабоды прэсы і свабоды выказваньняў. Гэтае сьвята пачалі адзначаць у 1994 годзе паводле рашэньня Генеральнай асамблеі ААН.

3 траўня 1791 году сойм Рэчы Паспалітай зацьвердзіў канстытуцыю — першую ў Эўропе, другую ў сьвеце і апошнюю для супольнае дзяржавы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага.

Таксама ў гэты дзень

1947 — была прынятая Канстытуцыя Японіі.

1952 — амэрыканскія лётчыкі Джозэф Флетчэр і Ўільям Бэнэдыкт зрабілі пасадку на геаграфічным Паўночным полюсе.

У гэты дзень нарадзіліся

1620 — Багуслаў Радзівіл, вайсковы і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат.

1877 — Антон Грыневіч, зьбіральнік беларускага музычнага фальклёру, выдавец. Загінуў у ГУЛАГу.

1907 — Натальля Вішнеўская, беларуская літаратарка.

Яна ўступіла ў літаратурна-мастацкае аб’яднаньне «Маладняк», цікава надрукавалася ў калектыўным паэтычным зборніку, выйшла замуж за сакратара аб’яднаньня Алеся Дудара.

Але яе рука, нібы пад нечую дыктоўку, выводзіла радкі, у якія самой не хацелася верыць, — пра жыцьцё, што «ў віхурах дагарыць і згасьне, і сплывуць надзеі воскам у небыцьцё». Між тым яны, гэтыя радкі, вешчавалі лёс.

У 1928-м за ненадрукаваны верш «Пасеклі край наш папалам», які хадзіў у рукапісах, арыштавалі й выслалі на тры гады мужа. Натальлю не друкуюць, не бяруць на працу, змушаюць даведацца, што такое голад. Неўзабаве пераехаўшы ў Маскву, яна назаўсёды пакідае друкавацца.

У Маскве Вішнеўская сустракаецца з студэнтам літаратурнага факультэту МДУ паэтам Алесем Звонакам. «Задуменная, з блакітнымі вачыма і залатымі косамі, паўнаватая й рослая, спакойная і разважлівая Наташа празь некалькі гадоў стала маёй жонкай», — напіша ён пазьней у ўспамінах.

Увосень 1936-га забралі і другога мужа. Паэтку таксама ўзялі ў «распрацоўку». Пасьля адседкі яна сустрэла маладзенькага турэмнага сьледчага, які, зачараваны прыгажосьцю нядаўняй зьняволенай, шапнуў, каб хутчэй куды-небудзь выяжджала, бо рыхтуецца новая хваля арыштаў.

Але яна яшчэ не разьвіталася з надзеямі на ціхае чалавечае шчасьце і, апынуўшыся ў перадваенныя гады ў Ленінградзе, выйшла там замуж за беларускага паэта і кінакрытыка Янку Бобрыка: відаць, хацела, каб Беларусь была зь ёю заўсёды і ў сэрцы, і ў сям’і.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне.

1953 — Франц Сіўко, беларускі празаік, публіцыст. Ягоны артыкул у «ЛіМе» ў 1986 годзе «Прашу вызваліць...» пра вывучэньне беларускай мовы ў школах выклікаў дыскусію і зварот дзеячоў культуры да Генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG