Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане затрымалі людзей на месцы анансаваных пратэстаў


Затрыманьне ў Алматы 1 траўня 2021

Карэспандэнты казаскай службы Радыё Свабода сталі відавочцамі затрыманьняў прынамсі пяці чалавек, якія прыйшлі да Цэнтральнага парку Алматы. Апазыцыянэр і былы банкір Мухтар Аблязаў, які жыве за мяжой, заклікаў правесьці 1 траўня пратэсты.

Да затрыманьня гэтыя пяць чалавек пасьпелі выказаць свае патрабаваньні, сярод якіх — вызваленьне палітычных зьняволеных, выкананьне рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту аб сытуацыі з правамі чалавека ў Казахстане, недапушчэньне росту цэнаў і «прымусовай вакцынацыі». Супрацоўнікі паліцыі затрымалі гэты людзей і пасадзілі ў адзін з загадзя прыгнаных аўтазакаў.

Затрыманьні прайшлі і на прылеглых да парку вуліцах. Карэспандэнты Свабоды паведамляюць, што паліцыянты спынялі людзей, якія накіроўваліся да парку, не дазваляючы прайсьці туды.

Сам Цэнтральны парк быў зачынены. Адміністрацыя напярэдадні абвясьціла, што будзе праводзіць там «дэзынфэкцыю». У суботу ў горадзе зьмянілі маршруты руху аўтобусаў і тралейбусаў — 1 траўня яны не пад’яжджалі да парку. Улады гораду патлумачылі гэта «рамонтам кабэльных сетак і тралейбуснай лініі». Мабільны інтэрнэт у раёне парку недаступны, каля брамы парку няма сыгналу мабільнай сувязі.

Таксама паведамляецца пра адзінкавыя затрыманьні на пешаходнай вуліцы ў Алматы, у бок якой Аблязаў заклікаў накіравацца шэсьцем ад Цэнтральнага парку.

У горадзе Шымкент былі затрыманыя чатыры чалавекі каля парку, які таксама пазначыў пунктам збору для мітынгу Аблязаў. Паліцыянты і людзі ў цывільным не адказалі на пытаньне аб прычынах затрыманьняў.

У дзень анансаваных Аблязавым мітынгаў у некалькіх гарадах закрылі доступ да месцаў, куды ён заклікаў зьбірацца сваіх прыхільнікаў. У рэгіёнах на гэтым тыдні прайшлі прэвэнтыўныя затрыманьні, некалькі актывістаў былі адпраўленыя пад адміністрацыйныя арышты паводле абвінавачаньняў у парушэньні закона аб парадку правядзеньня мірных сходаў.

Паводле праваабаронцаў, цяпер у Казахстане налічваецца 28 палітычных зьняволеных, і яшчэ больш за 265 чалавек перасьледуюцца па палітычных матывах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG