Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зразумеў, як трапіў у пастку». Пра што піша Фядута ў першым лісьце


Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

З СІЗА КДБ прыйшоў першы ліст ад Аляксандра Фядуты, яго атрымала жонка Марына Шыбко.

«Ліст пра каханьне, гэта першы ліст, які я атрымала за ўвесь гэты час, хоць адправіла яму ўжо тры, — кажа Марына Шыбко. — Усё разумее, усё зразумеў, куды трапіў, якая пастка. Зразумеў, як трапіў у пастку. Астатняе — асабістае, шле прывітаньні».

Спадарыня Марына працытавала, што піша Аляксандар:

«Сёньня на шпацыры паўгадзіны глядзеў на неба. Сіняе-сіняе і белыя аблокі, прыгожа. Сёньня 26 красавіка».

На канвэрце штэмпэль ад 28 красавіка. У лісьце, які займае амаль дзьве старонкі сшытка, ніводнага слова не закрэсьлена цэнзурай.

«Ну што ж ён ня ведае, як напісаць, ужо ж, мусіць, два разы на граблі наступае», — кажа Марына.

Аляксандар нічога ня піша, ці атрымаў ён лісты.

«Я яму сёньня адправіла тэлеграму, бо ў выходныя цэнзара няма, і яму ліст праляжыць да панядзелка. Я ў панядзелак адпраўлю ліст з паштамта. Тэлеграмы яму даходзяць, мая першая тэлеграма яму прыйшла», — кажа Марына.

Аляксандар Фядута напісаў таксама, што замовіў кнігі.

Марына ўжо двойчы перадавала перадачы Аляксандру Фядуту, сярод іншага лекі і таномэтар.

«У мяне ўсё прынялі. Я перадавала ўсё, што можна, бо я кажу, што я ўжо вопытны лягерны работнік, ведаю, як там і што, — кажа Марына. — Піша, што з боку мэдычнай часткі стаўленьне да яго добрае, жартуе, што ціск яму мераюць часьцей, чым ён мераў сам. Канечне, у яго былі праблемы зь ціскам».

Паводле Марыны, адвакатка пад падпіскай аб неразгалошваньні, але па тэлевізары абвяшчаюць больш, чым можа сказаць адвакат.

«Я не глядзела ніводзін фільм і гэта не камэнтую. Я бачыла яго выраз твару на застаўцы, усё разумею і, як Аляксандар напісаў, „відавочнае я не адмаўляю“, — кажа Марына. — Я мяркую, што нашы спэцслужбы дарэмна хлеб не ядуць: што хацелі, тое зрабілі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG