Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне прайшла прэм’ера песьні ў выкананьні Вольнага хору «Дзень перамогі наш». АЎДЫЁ


«Лягер дэмакратыі» ля Брандэнбурскіх варотаў у Бэрліне, 9 красавіка 2021 году
«Лягер дэмакратыі» ля Брандэнбурскіх варотаў у Бэрліне, 9 красавіка 2021 году

30 красавіка — беларускі дзень у «Лягеры дэмакратыі», які на пачатку месяца паўстаў у цэнтры Бэрліна каля Брандэнбурскіх варотаў. Такім чынам арганізатары выказваюць доўгатэрміновы пратэст рэпрэсіўным рэжымам Беларусі і Расеі і падтрымку іх ахвярам.

Намётавы гарадок у плякатным антуражы будзе стаяць да канца першай дэкады траўня. Сёньня над Бэрлінам разносіцца вокліч «Жыве Беларусь!». Фонам гучыць песьня ад Вольнага хору — зь верай у хуткую перамогу.

Грамадзянскія актывісты зь беларускай дыяспары падрыхтавалі пэрформансы, якія адлюстроўваюць падзеі ў Беларусі цягам 2020–2021 гадоў: Менск як эпіцэнтар супраціву і салідарнасьці, мастацкі ўнёсак у беларускі пратэст, песьні гарачага жніўня ды іншыя.

30 красавіка праца кэмпу цалкам прысьвечаная сытуацыі ў Беларусі.

Як расказаў прысутны на імпрэзе кіраўнік міжнароднага фонду салідарнасьці «Разам зь Беларусьсю» Ўладзімер Папкоў, на сцэне замацавалі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг, у «свабодны мікрафон» маюць магчымасьць выказацца ўсе, каму баліць ад таго, што цяпер адбываецца і ў Менску, і ў Маскве — хаўрусьніцкія рэжымы зьнітаваныя адзін з адным. Пацьвярджэньнем — нядаўняе затрыманьне «саюзнымі» спэцслужбамі палітоляга Аляксандра Фядуты і беларускага юрыста з амэрыканскім пашпартам Юрася Зянковіча.

Цягам усяго дня ў «Лягеры дэмакратыі» можна напісаць паштоўкі палітычным зьняволеным у Беларусі — валянтэры маюць адрасы ўсіх 360 вязьняў рэжыму.

У рамках беларускага дня ўжо адбылася прэзэнтацыя аўдыёвэрсіі песьні «Дзень перамогі наш» (верш паэта Дзьмітрыя Растаева ў перакладзе на беларускую мову Зьмітра Дзядзенкі) у выкананьні Вольнага хору — адной зь візытовак леташніх пратэстаў. Да таго калектыў дапамог у якасьці бэк-вакалу пілётнай вэрсіі — аднайменнай дзьвюхмоўнай кампазыцыі ад гурту «Арт Марка».

Далей вечаровую канцэртную частку падзеляць удзельніца залатога складу гурту KRIWI Вераніка Круглова, якая даўно жыве ў Нямеччыне, а таксама салістка менскага соўл-калектыву Dee Tree Лера Дзіл — яна паралельна пачала сольную кар’еру. У рамках культурнай праграмы на вялікіх экранах заплянаваны паказ фільма Юрыя Хашчавацкага «Звычайны прэзыдэнт» з субтытрамі.

Пікет супраць аўтарытарных рэжымаў і ў падтрымку палітвязьняў
Пікет супраць аўтарытарных рэжымаў і ў падтрымку палітвязьняў

Паводле Ўладзімера Папкова, апошнім часам беларуская і расейская дыяспары ў Нямеччыне выступаюць адзіным фронтам: разам скандуюць «Свабоду Навальнаму!», «Далоў Пуціна і Лукашэнку!», «Слава Ўкраіне!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG