Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рок-музыку, які галадаў 16 дзён без вады, выклікаюць у міліцыю. Ён захварэў на гепатыт С


Ігар Банцэр

Горадзенскага рок-музыканта Ігара Банцэра выклікае міліцыя зь невядомай прычыны да разгляду ягонай апэляцыйнай скаргі. Напярэдадні яму паставілі дыягназ «гепатыт С» і меліся накіраваць у шпіталь на абсьледаваньне страўніка пасьля галадаваньня.

Банцэру патэлефанавалі зь Ленінскага РАУС увечары 27 красавіка і папрасілі прыйсьці на гутарку. Дакладнай прычыны выкліку не назвалі. Міліцыянт казаў, нібыта Банцэр не сплаціў штрафы за папярэднія адміністрацыйныя справы, аднак музыка сьцьвярджае, што пазык ня мае. Позвы яму не прыслалі. Музыкант мяркуе, што яго хочуць затрымаць яшчэ да разгляду апэляцыйнай скаргі на ягоны прысуд.

Напярэдадні ён абсьледаваўся пасьля доўгай галадоўкі. У яго выявілі гепатыт С. Гэты дыягназ «паніжае якасьць жыцьця», таму яму забаронена цяпер выконваць цяжкія работы. Да таго ж у яго знайшлі гастрыт і плянавалі пакласьці ў шпіталь на больш дакладнае абсьледаваньне ўнутраных органаў пасьля галадаваньня. Сам Банцэр казаў пра болі страўніка пасьля таго, як перастаў галадаць.

На 20 траўня прызначаны разгляд апэляцыйнай скаргі Банцэра.

19 сакавіка Банцэра асудзілі на паўтара года «хіміі» за хуліганства. Яго абвінавацілі ў тым, што без штаноў станцаваў перад машынай міліцыі. На судзе музыкант сказаў, што гэта быў пэрформанс, падчас якога ён заставаўся ў стрынгах.

Да прысуду Банцэр 5 месяцаў правёў у СІЗА, езьдзіў на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі, якая паказала, што ён здаровы. На пачатку суду ён абвясьціў «сухую» галадоўку, якую трымаў 16 дзён, пакуль яго ня выпусьцілі з-пад варты пасьля прысуду.

Ігару Банцэру 41 год. Жанаты, мае трое непаўналетніх дзяцей. Лідэр стрыт-панкавага музычнага гурту Mister X. Вядомы сваімі пэрформансамі, прыкладам, калі прыходзіў у суд у ружовым адзеньні і з ружовым сьцягам або махаў бел-чырвона-белым сьцягам на даху машыны на шматтысячным мітынгу ў Горадні. Тройчы сядзеў на «сутках» за ўдзел у «масавых мерапрыемствах» у 2020 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG