Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джо Байдэн прадставіў плян, які мусіць «замацаваць будучыню за Амэрыкай»


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. На заднім пляне віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс і сьпікер ніжняй Палаты Нэнсі Пэлосі
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. На заднім пляне віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс і сьпікер ніжняй Палаты Нэнсі Пэлосі

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў зь першым зваротам да Кангрэсу.

У пэўным сэнсе прамова Байдэна ўжо стала гістарычнай: упершыню ў гісторыі за сьпінай прэзыдэнта ЗША ў крэслах другой і трэцяй асобаў дзяржавы — віцэ-прэзыдэнта і сьпікера ніжняй Палаты — сядзелі дзьве жанчыны, Камала Гарыс і Нэнсі Пэлосі.


Пра што казаў прэыздэнт ЗША. Сьцісла

  • Прэзыдэнт пачаў выступ са справаздачы аб посьпеху кампаніі вакцынацыі амэрыканцаў і рэзкім росьце эканомікі краіны, дасягнутым, як ён сказаў, дзякуючы чарговаму пакету эканамічнага стымуляваньня, ухваленым Кангрэсам ужо падчас яго прэзыдэнцтва. Але гэта толькі пачатак, заявіў Байдэн.
  • Ён заклікаў Кангрэс ухваліць «Амэрыканскі плян стварэньня працоўных месцаў» — праграму, якая прадугледжвае выдзяленьне каля двух трыльёнаў даляраў на інфраструктурныя інвэстыцыі: будаўніцтва мастоў і дарог, ліній электраперадач, сотняў тысяч станцый запраўкі электрамабіляў, замену водаправоду і іншыя праекты.
  • Прэзыдэнт ЗША заклікае падняць мінімальны заробак да 15 даляраў на гадзіну і пашырыць права на стварэньне прафсаюзаў.
  • Згодна з плянам прэзыдэнта «Амэрыканская сям’я», у ЗША павінна быць уведзеная бясплатная дашкольная адукацыя і бясплатнае навучаньне ў двухгадовых грамадзкіх каледжах. Семʼі зь дзецьмі атрымаюць дадатковыя падатковыя зьніжкі.
  • Прэзыдэнт ЗША заклікае Кангрэс зрабіць усё неабходнае, каб зьнізіць кошт мэдычнага страхаваньня і лекаў.
  • Джо Байдэн паабяцаў, што гэтыя пляны будуць фінансавацца за кошт павышэньня падаткаў на карпарацыі і самую багатую праслойку насельніцтва, тымі, хто зарабляе больш за 400 тысяч даляраў на год.
  • Прэзыдэнт Байдэн супрацьпаставіў Злучаныя Штаты аўтарытарным рэжымам. Яны лічаць, што дэмакратыі прайграюць, таму што яны ня могуць ні пра што дамовіцца. Мы дакажам аўтакратам, што дэмакратыя жывая і працуе, заявіў прэзыдэнт.
  • Адносіны ЗША з Кітаем і Расеяй: Злучаныя Штаты ня будуць шукаць эскаляцыі напружанасьці ў адносінах з Расеяй, але Вашынгтон прапарцыйна адкажа на варожыя дзеяньні Масквы, заявіў амэрыканскі прэзыдэнт.
  • Абарона правоў чалавека ў сьвеце будзе важнай часткай зьамежнай палітыкі, паколькі Амэрыка ўвасабляе ідэю пра тое, што ўсе людзі створаныя роўнымі.
  • Крытыка плянаў прэыздэнта

  • Ажыцьцяўленьне гэтых плянаў не гарантавана. У традыцыйным слове ў адказ Тым Скот, сэнатар-рэспубліканец ад Паўднёвай Караліны назваў пляны Байдэна «сацыялістычнымі летуценьнямі».
  • Паводле Тыма Скота, прэзыдэнт Байдэн і Дэмакратычная партыя спрабуюць надмерна пашырыць ролю дзяржавы ў жыцьці краіны, у той час, як неабходна рабіць стаўку на рынкавыя сілы.
  • Лідэр рэспубліканскай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Кевін Маккарці заявіў, што «рэспубліканцы ня могуць дазволіць Злучаным Штатам ісьці па шляху сацыялізму з урадам, які вырашае, колькі каму дазволена зарабляць, а астатняе канфіскуе і перадае палітычным паплечнікам і набліжаным. Нам трэба вярнуцца да здаровых эканамічных прынцыпаў, якія дазволілі нам пабудаваць найлепшую эканоміку ў гісторыі», – падкрэсьліў Маккарці.
  • Рэспубліканцы таксама раскрытыкавалі Байдэна за тое, што ён не закрануў у прамове тэму газаправоду «Паўночны паток – 2», які «нясе сур'ёзную небясьпеку нацыянальнай бясьпецы ЗША і іх саюзьнікам у Эўропе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG