Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гомельтранснафце» дазволілі самастойна фармаваць тарыфы на транспартаваньне нафты


Нафтаправод

Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Гомельтранснафта Дружба» будзе мець права самастойна фармаваць тарыфы на паслугі ў рамках вызначаных гранічных максымальных і мінімальных значэньняў.

Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю ад 15 красавіка № 27 «Аб тарыфах на паслугі па транспартаваньні нафтапрадуктаў па магістральным трубаправодзе», апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БелаПАН.

Як патлумачыла прэс-служба МАРГ, пастанова зьмяніла падыходы да тарыфікацыі паслуг транспартаваньня нафтапрадуктаў магістральным трубаправодам «Гомельтранснафта Дружба» на тэрыторыі Беларусі па кірунках Полацак — Круляўшчызна і Полацак — Фаніпаль.

Лімітавы мінімальны тарыф па кірунку Полацак — Круляўшчызна складае 10,77 рубля за тону, максымальны — 13,46 рубля, на ўчастку Полацак — Фаніпаль — 15,90 і 19,87 рубля адпаведна.

Гранічныя максымальныя тарыфы вызначаны на ўзроўні ранейшых фіксаваных тарыфаў.

«Зьмена спосабу рэгуляваньня гэтых тарыфаў будзе спрыяць правядзеньню больш гнуткай цэнавай палітыкі. Дазволіць „Гомельтранснафта Дружба“ даваць зьніжкі, тым самым павялічыўшы аб’ёмы транспартаваньня нафтапрадуктаў», — пракамэнтавалі рашэньне ў Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

Пастанова пачне дзейнічаць з 30 красавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG