Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў шкадуе, што ў 2005 годзе не перадаў уладу законным шляхам


Аскар Акаеў
Аскар Акаеў

«Як у першага прэзыдэнта, які кіраваў першыя 15 гадоў незалежнасьці, у мяне ёсьць адно шкадаваньне. Калі б у 2005 годзе былі праведзены выбары і я б перадаў уладу сваімі рукамі, то шкадаваньняў у мяне не было б».

Гэтак сказаў былы прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў у інтэрвію каналу «Автор ТБ» на ютубе.

«У мяне былі памылкі. Але я лічу, што ў той жа час я зрабіў шмат карыснага для Кіргізстану. Палітычныя авантурнікі ведалі, што ў свабодных выбарах ня змогуць выйграць, таму наладзілі пераварот за паўгода да заканчэньня майго тэрміну і сілай захапілі ўладу. І адмоўныя наступствы гэтага працягваюцца па гэты дзень», — адзначыў Акаеў.

24 сакавіка 2005 году ў Кіргізстане адбыліся народныя хваляваньні, якія ўвайшлі ў гісторыю як «цюльпанавая рэвалюцыя». Нагодай для выказваньня незадаволенасьці грамадзян тады сталі вынікі парлямэнцкіх выбараў. Пачынаючы з 4 сакавіка ўлада на месцах у краіне пераходзіла ў рукі апазыцыі. А 24 сакавіка ў Бішкеку прайшоў буйны мітынг некалькіх палітычных сіл, у выніку якога быў зрынуты першы прэзыдэнт краіны Аскар Акаеў, які да таго моманту кіраваў краінай 15 гадоў. Ён уцёк зь сям’ёй у Маскву.

У інтэрвію Акаеў таксама дадаў, што ў Кіргізстане стала заканамерным мяняць уладу сілавымі мэтадамі, выказаўшы думку, што кастрычніцкія падзеі зноў гэта пацьвердзілі. У кастрычніку летась у Кіргізстане прайшлі масавыя пратэсты адразу пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах. Лідэры і прыхільнікі апазыцыйных партый захапілі адміністрацыйныя будынкі і вызвалілі з-за кратаў шэраг палітыкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG