Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калінінградзкай вобласьці Расеі затрымалі актывіста з Буда-Кашалёва


Памежны слуп у Калінінградзкай вобласьці Расеі

У Калінінградзкай вобласьці Расеі затрымалі актывіста з Буда-Кашалёва Івана Саўціна. Увосень на яго завялі некалькі крымінальных спраў. Ён зьехаў за мяжу.

Увосень, калі ў Гомлі і вобласьці праходзілі акцыі пратэсту, Іван Саўцін браў у іх удзел, у тым ліку як валянтэр. У верасьні яго арыштавалі за ўдзел у недазволенай акцыі на 15 сутак. Потым Саўцін зьехаў за мяжу. Дакладна вядома, што адна з крымінальных спраў — за непраўдзівае паведамленьне пра небясьпеку (артыкул 340 Крымінальнага кодэксу).

Раней Іван Саўцін тлумачыў, што каля двух гадоў таму ў яго быў канфлікт на адным з паштовых аддзяленьняў. Але тады справы не пачыналі. А ўвосень 2020 году завялі.

Паводле жыхара Буда-Кашалёва, супраць яго таксама расьсьледуюць крымінальную справу за паклёп на прадстаўніка ўлады (арт. 188).

Адвакатка Марыя Бонцлер расказала Свабодзе, што Івана Саўціна затрымалі на памежным пераходзе «Мамонава» пры спробе трапіць у Польшчу. Падрабязнасьцяў яна пакуль ня ведае.

Пасьля пратэстаў у Беларусі некаторыя іх удзельнікі, асьцерагаючыся перасьледу, уцяклі ў Расею. Аднак там іх арыштавалі на запыт Беларусі, і цяпер яны за кратамі чакаюць рашэньня аб экстрадыцыі на радзіму, дзе на іх завялі крымінальныя справы.

Усяго ў 2021-м СК Беларусі паслаў у Расею запыты на экстрадыцыю 39 чалавек. Акрамя гэтага, у Латвію пасланы запыт на экстрадыцыю былога кандыдата ў прэзыдэнты Валера Цапкалы, у Літву — на Сьвятлану Ціханоўскую, у Польшчу — на Сьцяпана Пуцілу і Рамана Пратасевіча (стваральнікаў тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім), блогера Антона Матольку. Усе заходнія краіны адказалі адмоўна, пагроза выдачы застаецца найбольш імавернай толькі з Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG