Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Францішка Багушэвіча


Францішак Багушэвіч

Падзеі 28 красавіка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

28 красавіка 1900 году памёр Францішак Багушэвіч, паэт, юрыст, удзельнік вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг., адзін з пачынальнікаў нацыянальнага Адраджэньня.

Ведаю: шмат каму больш падабаюцца выданьні без прадмоваў. Але ёсьць у нашай літаратуры кніга, якой нельга ўявіць без уступу. Вы ўжо здагадаліся, гаворка пра Багушэвічаву «Дудку беларускую». Бо гэта — прадмова-маніфэст. Яе аўтар з тых геніяў, што ня проста выказваюць душу свайго народу, але і здольныя некалькімі радкамі вызначыць і запраграмаваць яго далейшы шлях. Пэўна ж, памятаеце: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!»

У Віленскай гімназіі Францішак сябруе з Зыгмунтам Мінейкам, братамі Цітусам і Канстанцінам Далеўскімі. У 1863 годзе яны стануць паўстанцкімі важакамі. Багушэвіч разам з братам Валяр’янам таксама будзе сярод тых, хто возьмецца за зброю, каб паказаць сьвету: Літва-Беларусь ня стала перад Расеяй на калені. Змагарам дапамагала ўся сям’я Багушэвічаў. Сястра Ганна трапіла ў турму, арыштоўвалі бацькоў.

Ён ваяваў у аддзеле славутага Людвіка Нарбута. Бальшыня паплечнікаў змагалася яшчэ за Рэч Паспалітую, Багушэвіч жа, як і Каліноўскі, — ужо за Беларусь.

Пасьля раненьня ў сутычцы з царскімі карнікамі Францішку пашчасьціла ўратавацца ад астрожнай камэры й кайданоў, але за гэта давялося заплаціць двума дзесяцігодзьдзямі расстаньня з Айчынай. Ён, выдатны кансьпіратар, скончыў ва ўкраінскім Нежыне юрыдычны ліцэй, раскрыў шмат злачынстваў на пасадзе сьледчага і атрымаў за гэтыя дасягненьні ордэны Сьвятога Станіслава і Сьвятой Ганны.

У 1884 годзе ў Віленскім акруговым судзе зьявіўся новы адвакат, што, адрозна ад калегаў, з кліентамі-беларусамі (гэта былі пераважна сяляне) гаварыў на іхняй мове. Жыхары Вiльнi ды навакольных вёсак зь любоўю ахрысьцілі Багушэвiча «мужыцкiм адвакатам». Пакуль амаль нiхто ня ведаў: Францiшак ня толькi бароніць беларусаў у судах. Ён складаў на іх роднай — забароненай у навучаньні і друку, у цэрквах і касьцёлах — мове вершы.

«Дудка беларуская» выйшла ў 1891-м у Кракаве. Прадмову да яе зноў і зноў цытуюць і ў XXI стагодзьдзі. Багушэвіч ня толькі назваў «мужыцкую» мову беларускай. Ён даў назву будучай краіне і акрэсьліў яе этнічныя межы: «ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбску за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня...»

Аўтар «Дудкі» выявіў сябе і знаўцам гісторыі: «Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмну; ад Каменьцу места аж да Вязьмы — у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабургу і за Крамяньчук, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь!»

Сёньня можна пачуць, што «нацыянальны праект мужыцкага адваката» аказаўся ня самым плённым з магчымых. Але гісторыя ня мае ўмоўнага ладу.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 96-97.

Пяцітомнік N1
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:20:55 0:00
Наўпроставы лінк

Таксама ў гэты дзень

1429 — Стогадовая вайна: у бітве за Арлеан францускія войскі пад камандаю Жанны д’Арк атрымалі перамогу над ангельцамі.

1918 — Народны Сакратарыят Беларусі зацьвердзіў беларускую мову ў якасьці дзяржаўнай i абавязковай у БНР i прыняў пастанову пра адкрыцьцё ў Менску ўнівэрсытэту.

1945 — італьянскія партызаны-антыфашысты расстралялі Бэніта Мусаліні, заснавальніка італьянскага фашызму.

Целы Бэніта Мусаліні і яго каханкі Клярэты Пэтаччы, павешаныя ў Міляне, красавік 1945
Целы Бэніта Мусаліні і яго каханкі Клярэты Пэтаччы, павешаныя ў Міляне, красавік 1945

1954 — БССР уступіла ў Сусьветную арганізацыю працы.

1975 — завяршыўся вывад войскаў ЗША зь Віетнаму.

1996 — у Менску пачалася галадоўка кіраўнікоў БНФ Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка. За дзень да гэтага іх пасадзілі ў менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага за арганізацыю Чарнобыльскага Шляху. Зьняволеньне Хадыкі і Сіўчыка цягнулася каля месяца.

2001 — у космас паляцеў першы турыст. Амэрыканскі інжынэр Дэніс Ціта за свой тыднёвы палёт у расейскім «Саюзе» заплаціў 20 мільёнаў даляраў.

У гэты дзень нарадзіліся

1859 — Кіпрыян (Цыпрыян) Кандратовіч, генэрал, удзельнік нацыянальнавызвольнага руху пач. ХХ ст.

Кіпрыян Кандратовіч
Кіпрыян Кандратовіч

Кандратовіч быў прызначаны міністрам абароны ва ўрадзе БНР на чале з Раманам Скірмунтам. Разам з палкоўнікам Кастусём Езавітавым займаўся стварэньнем 1-га беларускага палка ў Горадні. Як сябра Рады БНР ён прапанаваў праект 200-тысячнага беларускага войска, сьцьвярджаючы, што яго падтрымаюць віленскія банкіры. (Нямецкія акупацыйныя ўлады не далі на гэта згоды і адмовіліся ад паставак зброі.) Як удзельнік беларускай дэлегацыі ў 1919-м Кандратовіч імкнуўся бараніць інтарэсы Айчыны на Парыскай мірнай канфэрэнцыі...

Перажыўшы крах сваіх спадзяваньняў, немалады, неўзабаве прыкуты да інваліднага вазка генэрал жыў у маёнтку Гародна на Лідчыне. Ён выпісваў беларускую прэсу, друкаваў там успаміны пра афіцыйныя і закулісныя падзеі Парыскай канфэрэнцыі. Пахавалі былога міністра БНР у вайсковым мундзіры, што некалі быў на ім падчас раненьня.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 136-137.

1940 — Уладзімер Ганчарык, адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 годзе.

Уладзімер Ганчарык
Уладзімер Ганчарык

У памяці

1919 — Канстанцін Шаркоўшчанскі (Жданаў), беларускі сьвятар, быў кананізаваны Беларускай Праваслаўнай Царквой.

1980 — Альфрэд Гічкок, амэрыканскі кінарэжысэр.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG