Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Оскар» за найлепшы фільм атрымала «Зямля качэўнікаў»


Рэжысэрка «Зямлі качэўнікаў» Хлоя Чжао
Рэжысэрка «Зямлі качэўнікаў» Хлоя Чжао

У Лос-Анджэлесе прайшла 93-я цырымонія ўручэньня ўзнагарод Амэрыканскай кінаакадэміі.

«Оскар» за найлепшы фільм атрымала карціна «Зямля качэўнікаў», а яе рэжысэрку Хлою Чжао ўзнагародзілі залатой статуэткай за найлепшую рэжысуру. Яна стала другой у гісторыі жанчынай, якая атрымала «Оскар» як найлепшая рэжысэрка. Першай была Кэтрын Бігелаў, якая атрымала «Оскар» за фільм «Уладар буры».

«Зямля качэўнікаў» расказвае пра амэрыканцаў, якія страцілі свае дамы падчас фінансавага крызісу 2008 году і вымушаныя падарожнічаць па Злучаных Штатах у пошуках сэзоннага заробку. Фрэнсіс Макдорманд, якая сыграла ў фільме галоўную гераіню, атрымала «Оскар» за найлепшую жаночую ролю. Атрымліваючы залатую статуэтку, Макдорманд завыла па-воўчы ў памяць аб нядаўна памерлым гукарэжысэру Майклу Вулфу Снайдэры.

Раней карціна «Зямля качэўнікаў» атрымала прэмію «Залаты глёбус» у намінацыі «Найлепшы драматычны фільм», а таксама стала ўладальніцай чатырох прэмій Брытанскай акадэміі (BAFTA), узнагароды Гільдыі рэжысэраў ЗША і двух прызоў Вэнэцыянскага кінафэстывалю.

«Оскар» за найлепшую мужчынскую ролю атрымаў 83-гадовы Энтані Гопкінс — у фільме «Бацька» ён сыграў ролю героя, які пакутуе ад дэмэнцыі. Гопкінс стаў самым пажылым акторам у гісторыі, які атрымаў «Оскар» за галоўную ролю.

Узнагароду за найлепшую мужчынскую ролю другога пляну атрымаў Дэніэл Калу за ролю ў фільме «Юда і Чорны мэсія». Найлепшай актрысай у ролі другога пляну стала Юн Ё Джон за працу ў карціне «Мінары». Яна — першая акторка з Паўднёвай Карэі, якая атрымала «Оскар».

Мультфільм «Душа» ўдастоілі прэміяй «Оскар» як найлепшы анімацыйны фільм, а таксама за найлепшы арыгінальны саўндтрэк.

Найлепшым фільмам на замежнай мове стала карціна «Яшчэ па адной» дацкага рэжысэра Томаса Вінтэрбэрга.

Цырымонія ўручэньня прэміі «Оскар» павінна была адбыцца 28 лютага, але праз пандэмію яе перанесьлі на 25 красавіка. Яна прайшла ў будынку чыгуначнага вакзалу Лос-Анджэлесу «Юніён Стэйшн». Усе прысутныя павінны былі быць у масках і выконваць правілы сацыяльнага дыстанцыяваньня.

Для тых намінантаў, якія не змаглі прыехаць у ЗША, былі арганізаваны пляцоўкі ў Парыжы і ў Лёндане.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG