Як паведамляе «Голас Амэрыкі», МЗС Турэччыны выклікала амбасадара ЗША ў Анкары, каб асудзіць заяву прэзыдэнта Джо Байдэна аб прызнаньні генацыдам масавага забойства армян у Асманскай імпэрыі ў гады Першай сусьветнай вайны.
МЗС Турэччыны паведаміў, што намесьнік міністра Сэдат Анал заявіў амбасадару Дэвіду Сатэрфілду вечарам у суботу, што заява Байдэна ня мае прававой асновы і што Анкара «адхіляе яе, лічыць яе непрымальнай і асуджае самым рашучым чынам».
Афіцыйная Анкара заявіла, што ЗША, саюзьнік па NATO, нанесьлі Турэччыне «рану ў адносінах, якую будзе цяжка загаіць».
Раней у суботу Байдэн стаў першым прэзыдэнтам ЗША, які зрабіў заяву аб генацыдзе ў сувязі з гібельлю прыкладна паўтара мільёна армянаў у Асманскай імпэрыі.