Кваліфікацыйная камісія 21 красавіка зладзіла пазачарговую атэстацыю і забрала ліцэнзіі ў адвакатак Ганны Ваўчынскай і Сьвятланы Халаловіч, паведаміла Міністэрства юстыцыі.
Падставай для пазачарговай атэстацыі сталі «факты неналежнага выкананьня адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў, выяўленыя па выніках разгляду скаргаў грамадзян на дзеяньні адвакатаў, а таксама падчас выбарачнай праверкі дзейнасьці Менскай абласной калегіі адвакатаў, праведзенай Міністэрствам юстыцыі».
Ганна Ваўчынская мае 27 гадоў досьведу працы ў адвакатуры, а Сьвятлана Халаловіч — 19 гадоў.
Сьвятлана Халаловіч летась брала ўдзел у бясплатным дыстанцыйным кансультаваньні мэдычных работнікаў, якія непасрэдна працавалі з хворымі на COVID-19.
Таксама кваліфікацыйная камісія сёньня забрала ліцэнзіі ў Вольгі Баранчык, Сяргея Зікрацкага, Барыса Ляскоўскага і Ўладзіслава Філіповіча, якія не прайшлі пазачарговую атэстацыю 24 сакавіка.
Ад пачатку году на пазачарговую пераатэстацыю выклікалі многіх адвакатаў, якія абаранялі палітвязьняў або ўдзельнічалі ў палітычных працэсах.
У выніку адвакацкіх ліцэнзій пазбавіліся Людміла Казак, Аляксандар Пыльчанка, Міхаіл Кірылюк, Канстанцін Міхель ды іншыя юрысты.