Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Уладзімера Конана і Віктара Казько


Уладзімер Конан
Уладзімер Конан

Падзеі 23 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дзень у гісторыі

1586 — Нясьвіж атрымаў магдэбурскае права і герб.

1794 — утварылася Найвышэйшая літоўская рада — рэвалюцыйны ўрад ВКЛ падчас паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Раду ўзначаліў Якуб Ясінскі.


1917 — спэктаклямі «Паўлінка» Янкі Купалы і «Ў зімовы вечар» Элізы Ажэшкі ў Менску адкрылася Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі.

1985 — савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў упершыню абвясьціў пра пачатак перабудовы — праграму палітычных і эканамічных рэформаў у СССР.

2007 — утвораны беларускамоўны канал спадарожнікавага тэлебачаньня «Белсат».

У гэты дзень нарадзіліся

1564Уільям Шэксьпір, ангельскі драматург і паэт. Памёр Шэксьпір таксама 23 красавіка ў 1616 годзе.

1886Зьмітрок Бядуля, беларускі пісьменьнік.

1891 Сяргей Пракоф’еў, расейскі кампазытар.

1904Паўлюк Трус, беларускі паэт.

1934 Уладзімер Конан, беларускі філёзаф, гісторык, літаратурны крытык.

Верасень 1995, Іслач. Юры Хадыка, Зора Кіпель, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзьмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімер Конан
Верасень 1995, Іслач. Юры Хадыка, Зора Кіпель, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзьмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімер Конан

Некалькі гадоў мы жылі з спадаром Уладзімерам у суседніх дварах менскай Серабранкі. Зрэдку сустракаліся на вечаровых прагулянках, і да нас далучалася «дама» — прыручаная ім (небывалая рэч!) гарадзкая куніца-беладушка, што гаспадарыла ў сутарэньнях ягонага дому.

Побач зь ім я зазвычай адчуваў лёгкую вусьціш: маім суразмоўцам быў чалавек фантастычных ведаў і фантастычнага складу розуму.

Сілаю сваёй заўсёды маладой думкі ён уздымаўся зь серабранкаўскай кватэры ў касьмічныя вышыні, вызначаючы адтуль месца Беларусі ў сусьветнай культуры, ды мужна зазіраў у будучыню.

У той прадзьмутай усімі вятрамі аднапакаёўцы на ягоным апошнім паверсе самага высокага серабранкаўскага шматпавярховіка пад сьціплую вячэру ды кілішак зусім зямнога напою — айчыннага джыну «Ведрыч» з даўніх і, трэба сказаць, паважных прафэсарскіх запасаў — мне была прачытаная не адна лекцыя зь філязофіі, літаратуразнаўства, гісторыі. Ён не баяўся чапаць даўно, здавалася б, кананізаваных аўтарытэтаў. «Сымон Будны? Не прымаў ні хрысьціянскага мастацтва, ні народных карнавалаў, музыкі, сьпеваў».

Калі гаспадар замаўкаў, я мэтафізычна і фізычна адчуваў, што над намі — толькі неба. Вяртаючыся дадому, пракручваў у памяці пачутае, доўга шпацыраваў па набярэжнай нашага каналу — натхняўся, рыхтаваўся да бяссоннай ночы за пісьмовым сталом.

Бывала — сустракаў у двары іншага суседа, сяржанта спэцназу, які неяк пахваліўся, што заробак у яго большы, чым у гэтага дзівака-прафэсара.

На той час Конан працаваў загадчыкам аддзелу ў Нацыянальным навукова-асьветным цэнтры імя Скарыны. Там сабралася сузор’е бліскучых дасьледнікаў, што ўрэшце, у новай палітычнай сытуацыі другой паловы 1990-х, і прадвызначыла лёс асяродку.

Скарынаўскі цэнтар быў зьнішчаны, хоць у іншых умовах мог бы ператварыцца ў Інстытут Беларусі з сваімі прадстаўніцтвамі ў іншых краінах — накшталт добра вядомых нам Польскага інстытуту альбо Інстытуту Гётэ.

Конан, які лічыў, што «даўнія прыкметы беларускай нацыянальнай культуры — гераізм і трагічнасьць», так і ня стаў ні акадэмікам, ні членам-карэспандэнтам.

Але я ўяўляю, колькі гэтых самых членаў пякуча зайздросьцілі ягоным шматлікім манаграфіям, тысячам энцыкляпэдычных артыкулаў, доказным і дасьціпным рэцэнзіям у пэрыёдыцы. А яшчэ — адважным публічным выступам, падчас аднаго зь якіх з акадэмічнай трыбуны ён прамовіў: «Манголы рабавалі кішэні, а расейцы рабуюць душы».

Вазьміце ў рукі выдадзеную яшчэ ў 1976-м кніжку Ўладзімера Конана пра выбітнага літаратурнага крытыка Адама Бабарэку.

У разьвітальным слове пасьля канчатковага сыходу вучонага ў захмарныя вышыні малодшы калега філёзаф Валянцін Акудовіч сказаў, што, прачытаўшы менавіта тую кніжыцу, ён яшчэ за савецкай уладай зразумеў: «Няма іншага часу, акрамя таго, які выбіраеш для сябе сам. І Конан, беларускі Дон Кіхот, абраў сабе час духу, у якім застанецца навечна».

Ён сапраўды там, у беларускай Вечнасьці.


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020.

1940Віктар Казько, беларускі пісьменьнік.

Наўпроставы лінк

У памяці

1616Мігель Сэрвантэс, гішпанскі пісьменьнік

1923Ігнат Канчэўскі (псэўд. Ігнат Абдзіраловіч), паэт, філёзаф, публіцыст.

Ігнат Канчэўскі (1896–1923), псэўданім — Ігнат Абдзіраловіч
Ігнат Канчэўскі (1896–1923), псэўданім — Ігнат Абдзіраловіч

1991Дзьмітры Касмовіч, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, выдавец.

2004Алесь Пісьмянкоў, беларускі паэт.

2007Барыс Ельцын, прэзыдэнт Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG