Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дэпутаты Бундэстагу падтрымліваюць беларускіх палітвязьняў


Будынак Бундэстагу. Ілюстрацыйнае фота.

Паўтары сотні нямецкіх дэпутатаў узялі шэфства над беларускімі палітвязьнямі. Для нямецкіх палітыкаў гэта канкрэтны шанец паказаць сваё стаўленьне да таго, што адбываецца ў Беларусі, піша Deutsche Welle.

Шэфства над беларускімі палітвязьнямі дэпутаты ўзялі ў межах кампаніі, ініцыяванай нямецка-швайцарскай праваабарончай арганізацыяй Libereco. Усяго ў ёй удзельнічаюць 164 палітыкі — сярод іх дэпутаты Эўрапарлямэнту і сямі нацыянальных парлямэнтаў эўрапейскіх краінаў.

Дэпутат Бундэстагу, сацыял-дэмакрат Карл-Хайнц Брунэр (Karl-Heinz Brunner) шэфствуе над сынам Віктара Бабарыкі Эдуардам:

— Ёсьць прымаўка пра тое, што ўрэшце заўсёды перамагае праўда. І праўда ў выніку возьме верх над Лукашэнкам. Я ўпэўнены, што нават калі пратэсты на вуліцах згасаюць, людзі стаміліся і губляюць сілы, яны ня страчваюць волю жыць у свабоднай, дэмакратычнай і лібэральнай краіне.

Старшыня парлямэнцкага камітэту ў правах чалавека Гідэ Енсэн (Gyde Jensen) кажа, што падтрымка зь Нямеччыны магла адыграць ролю ў вызваленьні некаторых зь беларускіх палітвязьняў. Гідэ Енсэн — самая маладая дэпутатка ў цяперашнім Бундэстагу, ёй 31 год. Яна ўпэўненая, што пратэсты ў Беларусі далёкія ад завяршэньня:

— Таму што людзі стаяць на слушным баку гісторыі... Можа, свой пратэст і акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня яны перанесьлі на іншы ўзровень — можа, быць больш лічбавы, — але яны ня змоўклі...

Як кажа Гідэ Енсэн, праграма шэфства над палітвязьнямі дае магчымасьць дэпутатам яшчэ раз выказаць сваю пазыцыю з нагоды падзеяў у Беларусі. Яе падапечнага Арцёма Сакава, які быў апэратарам у Сяргея Ціханоўскага, затрымалі яшчэ ў канцы траўня.

Дэпутат ад партыі Саюз-90 / «Зялёныя» Амід Нурыпур (Omid Nouripour) падтрымлівае блогера зь Берасьця Сяргея Пятрухіна. Ён піша лісты ў Менск, адпраўляе запыты ва ўрад Нямечыны пра стан здароўя свайго падапечнага і лічыць, што пратэставы рух яшчэ не задушаны:

— Мы ведаем, што нават сымбалічныя акцыі прыцягваюць увагу і робяць унёсак у тое, што людзі, якіх перасьледуюць, аказваюцца ў фокусе грамадзкай увагі. У сытуацыі, у якой знаходзіцца Сяргей Пятрухін, увага — гэта адзіная абарона.

Для нямецкіх дэпутатаў важна падкрэсьліць, што на Захадзе не забыліся пра Беларусь і не зьбіраюцца ігнараваць рэпрэсіі, скіраваныя супраць крытыкаў Лукашэнкі, піша Deutsche Welle.

Як кажа сацыял-дэмакрат Брунэр, дэпутаты шэфствуюць над палітвязьнямі, «каб сьвет, Эўропа і Беларусь ведалі — мы думаем пра вас, мы не забываем і мы спынімся толькі тады, калі палітвязьні будуць выпушчаныя на свабоду».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG